Украінскі экспэрт: умовы ўтрыманьня Бандарэнкі можна прыраўняць да катаваньняў

Зьміцер Бандарэнка

«Сукупнасьць прыведзеных мэдыцынскіх дадзеных сьведчыць пра неабходнасьць правядзеньня для Бандарэнкі мэдыка-сацыяльнай экспэртызы з вызначэньнем ступені страты працаздольнасьці. Тое, што Бандарэнку не даюць карыстацца адмысловымі мэдычнымі рэабілітацыйнымі сродкамі мэдтэхнікі (артапэдычны абутак, мыліцы), можа быць расцэнена як катаваньне і жорсткае абыходжаньне», — лічыць украінскі экспэрт Андрэй Раханскі.

Ва Ўкраіне пацыентам з такім станам здароўя прызначаецца другая група інваліднасьці, адзначае Раханскі.

Ён кажа, што Бандарэнку неабходна выключыць нахілы, сядзеньне, «скручваньне» хрыбетніка; цалкам выключыць падыманьне цяжару, большага за 4 кг; рабіць лячэбную гімнастыку, масаж ног ды іншыя працэдуры.

Раханскі правёў экспэртызу стану здароўя Зьмітра Бандарэнкі і ўмоў ягонага зьняволеньня на падставе мэдычных дакумэнтаў, у тым ліку на падставе эпікрызу апэрацыі на хрыбетніку, піша БелаПАН.

Андрэй Раханскі — юрыст, лекар, кандыдат мэдычных навук, каардынатар грамадзкай арганізацыі «Інстытут прававых дасьледаваньняў і стратэгіяў» (Харкаў, Украіна).

2 сакавіка 2012 году каардынатару кампаніі «Эўрапейская Беларусь», даверанай асобе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава на выбарах-2010 Зьмітру Бандарэнку не далі групу інваліднасьці.

Такое рашэньне прыняла міжведамасная навукова-экспэртная камісія.

7 красавіка 2011 году Бандарэнку асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году.

У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю.

1 лютага Зьміцер Бандарэнка падаў прашэньне пра памілаваньне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля гэтага яму дазволілі карыстацца мыліцамі.