У Смалявіцкім раёне пачынаюць збор подпісаў за мясцовы рэфэрэндум

Сход жыхароў і дачнікаў 10 сакавіка 2012 году.

У Смалявіцкім раёне на Меншчыне мясцовыя дачнікі і жыхары некаторых вёсак працягваюць пратэставаць супраць будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Зараз тут пачынаюць рыхтаваць мясцовы рэфэрэндум, каб высьветліць стаўленьне людзей да новабудоўлі.
Ініцыяваць мясцовы рэфэрэндум дачнікі й жыхары Смалявіцкага раёну калектыўна вырашылі на агульным сходзе 10 сакавіка. Наступны этап падрыхтоўкі — збор подпісаў сярод насельніцтва. Вось што паведаміла пра настроі тутэйшых людзей сябра ініцыятыўнай групы Валянціна Каляка:

«Людзі проста так сваю зямлю не аддадуць і кітайцаў сюды ня пусьцяць. Улады пра гэта ведаюць і таму на мапе не вызначаюць канкрэтныя тэрыторыі. Пакуль не паведамляецца, якія вёскі й лецішчы канкрэтна будуць зьнесеныя. А вось калі ўжо прададуць зямлю кітайцам, то нас паставяць перад фактам. І гэтым прымусяць ваяваць нас з кітайцамі...»

Сярод ініцыятараў мясцовага рэфэрэндуму — спадар Леанід. Яго меркаваньне:

«Які вынік будзе атрыманы праз рэфэрэндум — гэта невядома, бо калі ўлады пачнуць праводзіць так званую „прафіляктычную“ агітацыю і даводзіць, што людзі „будуць купацца ў кітайскім золаце“, то многія могуць паддацца на такія ўгаворы. Але калі ўлічыць, што наўрад ці ёсьць цяпер у беларускага й кітайскага боку грошы на гэты праект, то наўрад ці будоўля пачнецца неўзабаве. Відавочна, што пакуль загадзя нічога зносіць ня будуць, верагодна».

Чыноўнікі Смалявіцкага райвыканкаму адмаўляюцца ад якіх-колечы прагнозаў. Кажуць, што ня хочуць гнявіць начальства, бо, да прыкладу, з-за мясцовага канфлікту вызвалены нядаўна ад пасады начальнік аддзелу архітэктуры й будаўніцтва. Акрамя таго, улада актывізуе апрацоўку мясцовага насельніцтва, каб схіліць грамадзкую думку на сваю карысьць. Разважае над падзеямі дэмакратычныя актывістка Віка Раменчык:

«Маё меркаваньне: калі гэтыя людзі адважацца на рэфэрэндум, — гэта нядрэнна для іх. Ужо яны паказалі, што ўяўляюць сілу, бо перад імі чыноўнікі пачалі апраўдвацца, адступаць. А калі людзі пачнуць яшчэ больш кансалідавацца, то гэта будзе найперш, як мне падаецца, нядрэнна для іх жа».