У Казані разьбіраюцца, хто насьмерць замучыў затрыманага

Казанскі праваабарончы цэнтар і Міжрэгіянальная праваабарончая асацыяцыя «Агора» зьвярнуліся да расейскага прэзыдэнта з просьбай звольніць міністра ўнутраных спраў Татарстану Асгата Сафарава. Зварот стаў рэакцыяй на сьмерць грамадзяніна ў паліцэйскім участку Казані.
Сяргей Назараў быў затрыманы ў суботу 9 сакавіка за дробнае хуліганства. У рапарце ўчастковага сказана, што мужчына быў п'яны, нецэнзурна лаяўся і не рэагаваў на заўвагі. У той жа дзень вечарам Назараву стала кепска. Прыехала брыгада хуткай дапамогі і зрабіла яму ўкол. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся. На наступны дзень урачоў выклікалі зноў, Назарава адвезьлі ў бальніцу з дыягназам разрыў прамой кішкі. Пацярпелага праапэравалі, аднак на наступны дзень ён памёр. Паводле сваякоў Назарава, перад апэрацыяй ён паведаміў урачам, што яго зьбілі і згвалцілі чацьвёра паліцэйскіх.

Міністар Асгат Сафараў на пашыраным паседжаньні кіраўніцтва міністэрства

Міністар унутраных спраў Асгат Сафараў сёньня раніцай правёў экстраную нараду, па яе выніках звольнены начальнік аддзяленьня паліцыі і яго падначаленыя. Міністар таксама прынёс прабачэньні сям'і загінулага і паабяцаў сурова пакараць вінаватых.

Некаторыя ахоўнікі парадку спрабавалі апраўдвацца тым, што затрыманы быццам бы нанёс сабе пашкоджаньні сам, каб пазьбегнуць пакараньня. Паводле ж мэдыкаў, траўмы , якія атрымаў Назараў, былі нанесеныя тупым цьвёрдым прадметам і спосабам, які выключае самапашкоджаньне. У расейскіх мэдыях паведамляецца, што паліцэйскія гвалцілі затрыманага бутэлькай з-пад шампанскага. Сьледзтва чакае вынікаў экспэртызы.

Пахаваньне Назарава, якому было 52 гады, заплянавана на 13 сакавіка.