Фэміністкі прысудзілі Ярмошынай «Залатога таракана»

Лідзія Ярмошына

Фэміністычная інцыятыўная група «Крапіва Беларуская» назвала пераможцаў прэмій і антыпрэмій сваёй ініцыятывы «Крапіва Беларуская».
«Крапіўнай галіной» у намінацыі «За ўнёсак у справу роўнапраўя» была ўзнагароджаная рэжысэр Хрысьціна Вязоўская за спэктакль «Маналёгі Вагіны». У намінацыі «Жанчыны, якія зьмяняюць грамадзтва» перамагла Марына Коктыш за адказ Лукашэнку «Дзякую, я адмоўлюся».

У антыпрэміі «Залаты таракан» у намінацыі «За сэксізм, эйблізм, гамафобныя, жонаненавісьніцкія і любыя іншыя дыскрымінацыйныя выказваньні і дзеяньні ў публічнай сфэры Беларусі» перамог Дзяніс Лінкус, былы функцыянэр РУУС, які, паводле слоў палітыка і фэміністкі Вольгі Карач, зьбіў яе і пагражаў згвалтаваньнем.

У намінацыі «Арганізацыі, заўважаныя ў дыскрымінацыі грамадзян Беларусі паводле прыкметы полу» «найлепшым» прызнанае віцебскае ДАІ, якое ў студзені 2012 году падрыхтавала падборку дарожных здарэньняў з удзелам аўтааматарак.

У намінацыі «Жанчыны, якія выявілі сябе ў дыскрымінацыі сясьцёр паводле полу» перамагла кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Яна назвала маладых беларусак «агіднымі маці, брыдкімі жонкамі, нядобрымі, неміласэрднымі людзьмі», паведамляе ініцыятыўная група «Крапіва беларуская».