Сікорскі: Шкада, што Беларусі не было ў Празе

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі выказаў шкадаваньне, што Менск не паслаў свайго прадстаўніка на сёньняшнюю сустрэчу краінаў Вышаградзкай групы і Ўсходняга партнэрства ў Празе:
«Я шкадую, што абставіны ў Беларусі не спрыяюць прысутнасьці Беларусі на гэтай сустрэчы. Мы ўсе хацелі б, каб Беларусь тут была і каб у Беларусі не было палітычных вязьняў. Мы спадзяемся, што беларускія ўлады уступяць на шлях рэформаў; як толькі яны гэта зробяць, яны знойдуць прыхільнікаў з эўрапейскага боку ў справе падтрыманьня дыялёгу».

Міністар замежных справаў Чэхіі Карл Шварцэнбэрг, які быў арганізатарам праскай сустрэчы Вышаградзкай групы і Ўсходняга партнэрства, запрасіў Менск прысутнічаць на ўзроўні намесьніка міністра замежных справаў.