Галасаваньне ў Менску. Расейскі амбасадар раіць не нэрвавацца

«Трэба менш нэрвавацца». З такой парадай зьвярнуўся амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў пасьля таго, як прагаласаваў на выбарах прэзыдэнта Расеі.
Пасол галасаваў на выбарчым участку ў амбасадзе Расеі ў Менску. Паводле Аляксандра Сурыкава, яўка на гэтых выбарах удвая перавышае яўку на сьнежаньскіх выбарах у Дзяржаўную думу РФ. «Магчыма, прагаласуюць ад 10 да 15 тысяч расейскіх грамадзянаў з амаль 60 тысяч, якія стаяць на консульскім уліку ў Беларусі», — мяркуе амбасадар.

Your browser doesn’t support HTML5

Амбасадар Расеі Сурыкаў: Трэба дамагацца празрыстых выбараў



Усяго ў Беларусі дзейнічае 8 выбарчых участкаў, зь іх адзін закрыты ў Ганцавічах абслугоўвае расейскіх вайскоўцаў. Да гэтых выбараў быў адкрыты дадатковы ўчастак ў Бабруйску.

Новаўвядзеньнем гэтых выбараў у Расеі сталі празрыстыя урны і вэб-камэры, якія запісваюць усе падзеі на выбарчых участках. Паводле аднаго з кандыдатаў на прэзыдэнта РФ, дзейнага прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна, вэб-камэры мусяць дапамагчы пазьбегнуць фальсыфікацый, пра якія шмат казала апазыцыя на сьнежаньскіх выбарах у Дзярждуму. Прадстаўнікі апазыцыі, аднак, кажуць, што вэб-камэры не дапамогуць ад укідваньня сфальшаваных бюлетэняў пасьля закрыцьця ўчасткаў і больш спадзяюцца на незалежных назіральнікаў.

Your browser doesn’t support HTML5

«На гэты выбарах усё ясна»



У Менску на выбарчым ўчастку, які працуе ў амбасадзе РФ, прысутнічае толькі адзін назіральнік — Дзьмітры Валатко, ад кандыдата ў прэзыдэнты міліярдэра Міхаіла Прохарава. Дарэчы, яго дадзенымі, асабліва пра маёмасьць, найбольш цікавяцца выбарцы на ўчастку падчас вывучэньня друкаваных матэрыялаў. «Пакуль істотных парушэньняў я не заўважыў, а на мае заўвагі адносна нязначных парушэньняў супрацоўнікі выбарчай камісіі адразу адрэагавалі і ўсё выправілі», — паведаміў назіральнік для «Радыё Свабода». «Нязначным» парушэньнем было тое, што ў кабінку для галасаваньня людзі заходзілі зь дзецьмі, старэйшымі за 12 гадоў.

Your browser doesn’t support HTML5

Назіральнік Дзьмітры Валатко



Амбасадар Расеі ў Беларусі зазначыў, што ў дачыненьнях з Беларусьсю ёсьць праблемы, найперш інтэграцыйныя — ў саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі. «Там ў нас ня ўсё атрымлівалася», — прызнаў Аляксандр Сурыкаў . Аляксандр Сурыкаў ня лічыць, што Расейская эканоміка «паглыне» эканоміку Беларусі, як гэта адбылося паміж вялікімі краінамі Эўразьвязу і тымі, хто ўступіў нядаўна.

Амбасадар Сурыкаў выказаўся за больш дынамічнае эканамічнае супрацоўніцтва, якое б стрымлівала «міграцыйныя працэсы». Паводле амбасадара, сьледам за Расеяй Беларусі таксама патрэбная палітычная мадэрнізацыя, у тым ліку ўдасканаленьне выбарчага закону. «Напэўна, ёсьць нейкія недахопы, як яны ёсьць паўсюль, пачынаючы з ЗША, а таксама ў Расеі, Беларусі ды іншых, але трэба дамагацца празрыстасьці і чысьціні выбараў», — сказаў Аляксандр Сурыкаў карэспандэнту «Радыё Свабода».

null









Празрыстая урна



Камэра на ўчастку



Рэгістрацыя