На амэрыканскім NBC – фільм пра Беларусь

Фільм пра сытуацыю ў Беларусі для тэлеканала NBC зьняў вядомы амэрыканскі журналіст Дэн Разэр.
Беларуская тэма зацікавіла Разэра пасьля таго, як, апынуўшыся ў Нью-Ёрку на цырымоніі ўзнагароджаньня прэміяй Камітэту абароны журналістаў, ён пачуў прамову рэдактаркі сайту «Хартыя’97» Натальлі Радзінай.

Радзіна і стала правадніцаю амэрыканскага журналіста па беларускай рэальнасьці. У кадрах фільму – менская Плошча сьнежня 2010-га, словы жонкі палітвязьня Міколы Статкевіча Марыны Адамовіч і пісьменьніка і палітыка Ўладзімера Някляева.

«Цэнтар Менску. Замежным журналістам рэдка дазваляюць трапіць сюды і весьці адсюль рэпартажы. Мы змаглі пабываць там. Тое, што мы ўбачылі, стала адкрыцьцём, – гаворыць за кадрам Дэн Разэр. – Калі знаходзісься ў Менску, складаецца ўражаньне, што СССР не распаўся 20 гадоў назад. У цэнтры гораду дасюль стаіць гіганцкая статуя Леніна. У Беларусі суровыя зімы. Гэтая зіма ня стала выняткам. Моцны холад і жалезныя кулакі брутальнага рэжыму».

http://www.youtube.com/embed/Reup4fsgvVQ

Дэн Разэр (нар. 1931) – легенда амэрыканскай журналістыкі. Вёў рэпартажы зь Віетнаму і Аўганістану, у жывым эфіры расказваў пра падзеньне Бэрлінскага муру. Амаль паўстагодзьдзя быў вядоўцам вечаровай інфармацыйнай праграмы на тэлеканале CBS. Цяпер працуе рэдактарам праграмы «Rather Reports».