На санкцыі ўлада можа адказаць «сьпісам невыязных»

Улады разглядаюць магчымасьць абмежаваць выезд з краіны асобам, якія наўпрост заклікалі ўвесьці санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта TUT.BY паведаміла крыніца, блізкая да кіраўніцтва краіны. МУС Беларусі абвяргае гэтую інфармацыю.
У праекце сьпісу — 108 прозьвішчаў. Сярод іншых: старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.

«Ніякага такога сьпісу няма. І ў нас няма юрыдычных падставаў для ўключэньня людзей у такі сьпіс, пра які пішуць у інтэрнэце», — заявіў «Свабодзе» прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч.

Рашэньне пашырыць санкцыі супраць афіцыйных асобаў Беларусі прыняла 27 лютага Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.

28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў свайго амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры ЭЗ. Акрамя таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам ЭЗ і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў.

Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску сваіх амбасадараў для кансультацыяў.