У Нью-Ёрку паказалі "Даволі! Да Волі…"

Удзельнікі сустрэчы

У Нью-Ёрку ў грамадзкай залі пры Саборы Св. Кірылы Тураўскага незалежныя беларускія кінарэжысэры Андрэй Куціла і Вячаслаў Ракіцкі прэзэнтавалі свой фільм "Даволі! Да Волі…".
Дакумэнтальная стужка была зьнятая на замову тэлеканала Белсат да гадавіны падзеяў 19 сьнежня 2010 году. У ёй распавядаецца пра лёсы людзей, якім надакучыла жыць у хлусьні і якія выйшлі на мірную акцыю пратэсту, за што былі кінутыя ў турмы, перанесьлі маральныя і фізычныя катаваньні, страцілі вучобу і працу.

Адбылася размова пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, выбар людзей мастацтва, культуры, навукі ва ўмовах адсутнасьці свабоды творчасьці. Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла расказалі пра тое, як стваралася кінастужка, пра тое, што засталося па-за кадрам, як складваюцца лёсы герояў сёньня.

Асабліва занепакоена вялася гаворка пра палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі. Арганізацыйны дырэктар Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня Вячка Станкевіч распавёў пра ініцыятыву БАЗА правесьці сусьветную акцыю супраць правядзенья чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі, калі ня будуць вызвалены з турмаў усе палітвязьні.

У сустрэчы з беларусамі Нью-Ёрку ўзялі ўдзел і іншыя незалежныя кінадакумэнталісты з Беларусі, якія знаходзяцца ў Амэрыцы на запрашэньне Дзяржаўнанга дэпартамэнту ЗША паводле праграмы "Вытворчасьць дакумэнтальнага кіно ў ЗША".

http://www.youtube.com/embed/8N5Qyk5Zs8M