Бабруйск: Уступіў у незалежны прафсаюз? Пашкадуеш!

Працаўнікі бабруйскага акцыянэрнага таварыства «Белшына», якія ўступілі ў Беларускі незалежны прафсаюз, заяўляюць, што ім пагражаюць не працягваць працоўных кантрактаў у выпадку, калі яны застануцца ў гэтым прафсаюзе. Работнікі сьцьвярджаюць, што іх страшаць і зьмяншэньнем дадатковых выплат за прафэсійнае майстэрства.
На «Белшыне» афіцыйна зарэгістраваная суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу. У шматтысячным калектыве прадпрыемства «пярвічка» прафсаюзу налічвае тры дзясяткі актывістаў. Пра запалохваньне пяці новых сяброў суполкі паведаміў яе старшыня Міхаіл Усьціновіч.

«Ужо двое выйшлі. Трэці кажа: што мне рабіць? Мяркую, што каманда зьверху паступіла: «Не даваць разьвівацца незалежнаму прафсаюзнаму руху на „Белшыне“. І ідэолягі гэта выконваюць. Пра якое сацыяльнае партнэрства можа ісьці гаворка? Чалавек зрабіў выбар — уступіў у пярвічную арганізацыю. Чаму адразу „наехалі“ на яго, на жонку, маці й на цешчу? Мы ня рыпаемся — ну й добра, існуйце як дэкарацыя. А вось людзі пайшлі — адразу не спадабалася».

Адзін з тых, хто ня выракся жаданьня застацца ў незалежным прафсаюзе, — працаўнік структурнага падразьдзяленьня «Белшыны» — заводу масавых шын Сяргей. Свайго прозьвішча ён не захацеў называць. Сяргей пацьвярджае, што пасьля таго як кіраўніцтва даведалася пра яго ўступленьне ў прафсаюз, ён сутыкнуўся зь ціскам:

«Дырэктар заводу — ён наўпрост ня скажа, што ён можа зрабіць. Ён толькі кажа,
начальнік цэху кажа, што на яго ціснуць і што са мной могуць не працягнуць кантракт ...

што я не хачу, каб ты быў у незалежным прафсаюзе. А начальнік цэху кажа, што на яго ціснуць і што са мной могуць не працягнуць кантракт — гэта першае. А другое, што ў цябе будуць пераглядаць выплаты за прафэсійнае майстэрства, то бок ты яго можаш не атрымаць», апавядае спадар Сяргей.

Атрымаць адказ на пытаньне, ці перасьледуюць актывістаў незалежнага прафсаюзу, у кіраўніка заводу масавых шын не ўдалося. Спачатку ў прыёмнай адказалі, што ў дырэктара нарада, а потым — што ён на тэрыторыі. Намесьнік жа генэральнага дырэктара «Белшыны» па ідэалягічнай працы Аляксандар Казлоў паведаміў наступнае:

«Старшыня пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюзу Ўсьціновіч Міхаіл зьвяртаўся да мяне, называў канкрэтныя прозьвішчы, я ўдакладняў па заводзе. Нічога там такога не было».

Як сьцьвярджаюць у незалежным прафсаюзе, працаўнікі «Белшыны» незадаволеныя расцэнкамі, паводле якіх фармуюцца заробкі.

«Я задаваў такое пытаньне пры дырэктару, пры ўсіх: „Чаму не павышаюцца расцэнкі? Мы ж працуем, цэны растуць“. Аргумэнтуюць тым, што нібыта аб’яднаньне не гатовае пакуль. Заробкамі незадаволеныя. З улікам прэміяльных выходзіць тры мільёны, максымум тры з паловай, ня болей. Адзінае, што павысілі выплаты за прафэсійнае майстэрства», — зазначае сябра незалежнага прафсаюзу Сяргей.

Паводле суразмоўцы, у бальшыні выпадкаў сваю незадаволенасьць заробкамі працаўнікі прадпрыемства выказваюць у гутарках між сабой. Уступаць у незалежны прафсаюз, каб разам адстойваць свае правы, белшынаўцы баяцца. Тым больш, што на іншых прадпрыемствах Бабруйску людзі зарабляюць нашмат меней.