Грамадзянін Латвіі: Шанцаў у моўнага рэфэрэндуму практычна ніякіх

18 лютага ў Латвіі пройдзе рэфэрэндум аб дзяржаўным статусе расейскай мовы. Паводле сацыялёгаў, яўка чакаецца высокая. Ці можа ў гэтай балтыйскай дзяржаве паўтарыцца беларускі сцэнар? У 1995 годзе з ініцыятывы расейскамоўнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі таксама быў праведзены рэфэрэндум, у выніку якога расейская мова атрымала статус другой дзяржаўнай.

Да ўдзелу ў галасаваньні аб статусе расейскай мовы ня будуць дапушчаныя неграмадзяне Латвіі — такіх, паводле статыстыкі, блізу 400 тысяч чалавек. Практычна ўсе яны паходзяць з былых рэспублік СССР і былі разьмеркаваныя туды на працу пасьля заканчэньня ВНУ яшчэ за савецкім часам.

Ад 1980-х у Рызе жыве нараджэнец Івейшчыны, а цяпер адзін з пасьпяховых латыскіх бізнэсоўцаў-мульцімільянэраў Ян Апаленіс. Нягледзячы на тое, што за прамінулы час ён дасканала асвоіў латыскую мову, як грамадзянін Латвіі ён на рэфэрэндум зьбіраецца — прагаласаваць за наданьне неграмадзянам большых правоў і магчымасьцяў для самарэалізацыі. Пры гэтым лічыць, што шанцаў надаць расейскай мове роўны статус з латыскай у ініцыятараў плебісцыту няма. Каб расейская стала другой дзяржаўнай, неабходна сабраць 750 тысяч галасоў — гэта ўдвая больш, чым у краіне ёсьць неграмадзянаў, і трэцяя частка ўсяго насельніцтва Латвіі:

Галасаваць будуць толькі грамадзяне, а грамадзяне — гэта ў асноўным этнічныя латышы і невялікая частка расейцаў, беларусаў паводле паходжаньня. Таму шанцаў няма.
«Я думаю, што шанцаў няма. Галасаваць будуць толькі грамадзяне, а грамадзяне — гэта ў асноўным этнічныя латышы і невялікая частка расейцаў, беларусаў паводле паходжаньня. Таму шанцаў як такіх няма. З другога боку, каб адразу ўсім далі нулявое грамадзянства — як некалі і спадзяваліся расейскамоўныя, — то пытаньне аб мове не стаяла б увогуле. Дарэчы, у той жа Літве менавіта так і зрабілі. Усе б галасавалі на выбарах дэпутатаў Саэйму, на муніцыпальных выбарах, дэлегавалі б туды сваіх прадстаўнікоў і абаронцаў, і такая праблема з часам зьнікла б увогуле. А так атрымалася, што па сутнасьці падманулі расейскамоўных. Таму яны цяпер намагаюцца хоць неяк дамагчыся рэанімацыі тых абяцаньняў, якія некалі яны атрымалі. Думаю, што неўзабаве будзе і другі рэфэрэндум — аб статусе неграмадзянаў. Для таго, каб усім далі грамадзянства, як некалі і абяцалі».

На хвалі адраджэньня пачатку 1990-х у Беларусі ня многія маглі спрагназаваць, што знойдзецца сіла, якая дзеля палітычнай каньюнктуры ахвяруе і мовай, і гістарычнай сымболікай. Аднак вынікам ініцыяванага з падачы першага прэзыдэнта Лукашэнкі рэфэрэндуму сталі менавіта адмова ад адзінай дзяржаўнай мовы і нацыянальных атрыбутаў беларускай дзяржавы. Ці магчымае паўтарэньне такога сцэнару ў Латвіі? Экс-дэпутат Вярхоўнага Савету, дыплямат і мовазнаўца Пётра Садоўскі катэгарычна гэтую імавернасьць адмаўляе:

Добра, што ў дадзеным выпадку мовы ня блізкія, таму гэта дапаможа латышам захавацца. Хоць сама па сабе тэндэнцыя небясьпечная.
«Адназначны адказ: беларуская сытуацыя не паўторыцца, бо мовы, дзякаваць Богу, усё ж ня блізкія, зусім нават розныя. Таму, вядома, латыская мова не сатрэцца. Іншая рэч, што могуць быць усялякія цывілізацыйныя зрухі. Я параўнаў бы, скажам, сытуацыю ў Латвіі з той жа ісламізацыяй Эўропы. Немцам жа таксама не пагражае, што іх мова можа зьнікнуць. Але мова — яна ж пачатак усіх пачаткаў, таму, вядома, могуць вылезьці ўсялякія нюансы. Як прыклад, пачнуць стварацца асобныя навучальныя ўстановы, прасоўвацца нейкія культурныя праграмы і г. д. Усё гэта можа прывесьці да таго, што рызыкуе парушыцца стабільнасьць грамадзянскай супольнасьці. Але паўтару: добра, што ў дадзеным выпадку мовы ня блізкія, таму гэта дапаможа латышам захавацца. Хоць сама па сабе тэндэнцыя, з майго гледзішча, небясьпечная. Я бачу, што некаторыя ініцыятывы ў цяперашніх краінах Эўразьвязу, якія раз-пораз узьнікаюць, часам ініцыююцца якраз групамі, якія кормяцца расейскім капіталам».

Бізнэсовец Ян Апаленіс лічыць, што ў моўным пытаньні, жарсьці вакол якога не сьціхаюць у Латвіі ўжо два дзясяткі гадоў, існуе вельмі шмат нацягнутых фактараў. Па яго словах, расейскамоўную меншасьць часьцяком падводзіць інэртнасьць і нежаданьне хоць нешта зрабіць, каб інтэгравацца ў паўнавартаснае жыцьцё:

Хочаш уладкавацца на пасаду, дзе трэба дасканала ведаць латыскую мову — ідзі, вучы, і ў цябе будуць шанцы.
«Трэба і самім прыкладаць пэўныя высілкі. Хочаш уладкавацца на пасаду, дзе трэба дасканала ведаць латыскую мову — ідзі, вучы, і ў цябе будуць шанцы. Ня ведаеш — чао! Усё лягічна, так? Гэта ж зразумела: ніхто зь ліку расейскамоўных ня зможа працаваць у нейкім дэпартамэнце, калі ён ня ведае латыскай мовы. І калі ён заікнецца пра тое, што мяне, маўляў, не бяруць на дзяржаўную працу і ўсё такое, то ў яго першым чынам пацікавяцца: мову ведаеш? Ня ведаеш — да пабачэньня. Усё законна, усё правільна. У краме калі прадавачка працуе, яна павінна ведаць тую мову, на якой зможа паразумецца з пакупніком. І лепш, калі яна ведае і расейскую, і латыскую, і ангельскую. А калі ў мяне, напрыклад, яшчэ і кітайцаў шмат сярод кліентаў, то я буду шукаць гандляра, які яшчэ і кітайскую ведае. Бо такім чынам я больш сам зараблю, больш падаткаў заплачу дзяржаве, большы заробак людзям заплачу. Будзе больш грошай, і ўсім будзе толькі лепш. Вось так».

Цягам лістапада 2011 году ў Латвіі зьбіралі подпісы грамадзянаў краіны за наданьне дзяржаўнага статусу расейскай мове. Летась 20 сьнежня латыскі Цэнтравыбаркам агучыў вынікі: са 187 378 сабраных подпісаў сапраўднымі прызнаныя 174 845. Гэтай колькасьці хапіла для правядзеньня рэфэрэндуму аб дзяржаўным статусе расейскай мовы.