ЭЗ не прыняла заяўкі Грэцыі на дапамогу

Міністры краінаў Эўразоны адмовіліся галасаваць на сёньняшнім саміце ў Брусэлі па пытаньні выдзяленьня Грэцыі чарговага пакету міжнароднай дапамогі. Прэм'ер-міністар Люксэмбургу Жан-Клёд Юнкер заявіў, што занадта многа пунктаў у грэцкім пляне патрабуюць растлумачэньня.
Міжнародны валютны Фонд і Эўразьвяз раней паабяцалі выдзеліць Афінам 130 мільярдаў эўра, але толькі пры ўмове выкананьня Грэцыяй антыкрызіснай праграмы, якая прадугледжвае непапулярныя ў краіне захады бюджэтнай эканоміі.

Бяз гэтых грошай Грэцыі ўжо ў сакавіку пагражае дэфолт — няздольнасьць выканаць свае абавязкі па дзяржаўнай запазычанасьці. Чакаецца, што гэта нанясе моцны ўдар фінансавым інстытутам па ўсёй Эўропе.