Лукашэнка пагадзіўся вызваліць палітвязьня?

Улады могуць неўзабаве вызваліць кагосьці з палітвязьняў. Пра гэта сёньня публічна заявіў дырэктар дэпартамэнту Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Эўразьвязу Гунар Віганд. Такое ўражаньне склалася ў яго пасьля наведваньня Міністэрства замежных спраў Беларусі. Сваё выказваньне эўрапейскі дыплямат зрабіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і палітычных партыяў.
Словы эўрапейскага дыплямата «Свабодзе» пацьвердзілі ўдзельнікі сустрэч зь ім — старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У прыватнасьці, спадар Гулак адзначыў:

«Задавалі пытаньне, што ён пачуў ад афіцыйнага боку? Віганд сказаў, што зацікаўленасьць чыноўнікаў, зь якімі ён ужо размаўляў, у разьвіцьці дачыненьняў была. Няхай сабе не канкрэтная, але агульная была. І таксама ён сказаў: ня выключаная сытуацыя, што ў нейкі бліжэйшы час хтосьці з палітвязьняў будзе выпушчаны».

«Падчас дыскусіі пра дачыненьні з Эўразьвязам акрэсьліліся дзьве праблемы. Першая — ці магчыма прыцягненьне да гэтага працэсу беларускіх чыноўнікаў? І другая — візавыя санкцыі», — канстатуе Алег Гулак:

«Пры тым, што гучалі розныя думкі, шмат гаварылася пра неабходнасьць супрацоўніцтва Эўразьвязу з грамадзянскай супольнасьцю. І таксама, на думку многіх, важная адкрытасьць гэтага працэсу з магчымым далучэньнем да яго беларускіх чыноўнікаў.

Што да санкцыяў, то гучалі і жорсткія прапановы. Але некаторыя, і я ў тым ліку, гаварылі пра тое, што зараз важна дамагчыся вызваленьня палітзьняволеных. І гэта можна рабіць ня толькі жорсткай пазыцыяй, ня толькі візавымі санкцыямі, але і праз падтрыманьне стасункаў, нейкі дыялёг і размовы зь беларускімі службовымі асобамі, кіраўніцтвам. І гэта таксама можа быць важным і эфэктыўным інструмэнтам. І для вырашэньня гэтай праблемы, і для далейшага разьвіцьця дэмакратычных працэсаў у Беларусі».

«Пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу адносна афіцыйнага Менску не зьмянілася. Аднак зьявілася і адзінае новае», — кажа Анатоль Лябедзька:

«Гэта прапанова пачаць зараз працу на ўзроўні экспэртаў пра тое, што трэба зрабіць у Беларусі, каб яе абнавіць, каб надаць ёй іншы выгляд. І ня толькі па форме, але і па зьмесьце. І калі да гэтага гатовыя далучыцца экспэрты з боку ўраду — значыць, разам зь імі. Калі не, то гэта будзе праца з грамадзянскай супольнасьцю і палітычнай апазыцыяй».

Як паведамілі «Свабодзе» ў прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства, Гунара Віганда прыняў міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Спадар Віганд сустрэўся таксама з начальнікам упраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Раманам Раманоўскім. «Бакі абмеркавалі бягучыя пытаньні беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў і магчымыя падыходы да выбудоўваньня далейшага дыялёгу», — заявілі ў МЗС.

Візыт у Беларусь прадстаўніка Эўразьвязу Гунара Віганда мог супасьці па часе яшчэ з адным візытам — упаўнаважанага ўраду Нямеччыны па правах чалавека Маркуса Лёнінга. Аднак улады Беларусі адмовілі яму ва ўезьдзе ў краіну, паведамілі ў нямецкім МЗС.

У МЗС Беларусі візыт нямецкага чыноўніка палічылі немэтазгодным. Маўляў, «ягоны „ўнёсак“ у беларуска-нямецкія дачыненьні нельга адзначыць у якасьці пазытыўнага».

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі ў Менску Андрэй Ягораў выказаў «Свабодзе» сваю вэрсію сытуацыі, калі аднаго чыноўніка пускаюць у Беларусь, а другога — не:

«Я думаю, што беларускі ўрад спрабуе падтрымліваць пэўны ўзровень нефармальных ці такіх сталых кантактаў з Эўрапейскім Зьвязам. Але такіх, якія, на ягоную думку, найбольш прагматычна могуць весьці да паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам. Натуральна, што прыезд упаўнаважанага па правах чалавека нават сымбалічна не нясе нічога добрага для беларускіх уладаў.

А вось праз спадара Віганда, які прадстаўляе Эўрапейскую камісію, найбольш прагматычны орган Эўрапейскага Зьвязу, наш урад спрабуе знайсьці нейкія выгады праз дамоваздольную асобу для паляпшэньня адносінаў».