Што ў партфэлі ў Гунара Віганда?

Гунар Віганд

Адразу дзьве сустрэчы — спачатку ў пашыраным коле, а пасьля ў вузейшым — праводзіць сёньня ў менскім прадстаўніцтве Эўразьвязу дырэктар дэпартамэнту Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Эўразьвязу Гунар Віганд.
Адзін зь ягоных суразмоўцаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, паведаміў «Свабодзе»:

«У залі шмат знаёмых твараў. Па сваёй пасадзе эўрапейскі госьць — птушка высокага палёту. Цікава, што ў ягоным партфэлі?»

Спадара Віганда прыняў ужо міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Як паведамілі «Свабодзе» ў прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства, Гунар Віганд сустрэўся з начальнікам упраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Раманам Раманоўскім. «Бакі абмеркавалі бягучыя пытаньні беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў і магчымыя падыходы да выбудоўваньня далейшага дыялёгу».
Чаму Віганда ў Беларусь пусьцілі, а Лёнінга — не?

Візыт у Беларусь дырэктара дэпартамэнту Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня Эўразьвязу Гунара Віганда мог супасьці па часе яшчэ з адным візытам — упаўнаважанага ўраду Нямеччыны па правах чалавека Маркуса Лёнінга. Аднак улады Беларусі адмовілі яму ва ўезьдзе ў краіну, паведамілі ў нямецкім МЗС.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі ў Менску Андрэй Ягораў выказаў «Свабодзе» сваю вэрсію сытуацыі, калі аднаго чыноўніка пускаюць у Беларусь, а другога — не:

«Я думаю, што беларускі ўрад спрабуе падтрымліваць пэўны ўзровень нефармальных ці такіх сталых кантактаў з Эўрапейскім Зьвязам. Але такіх, якія, на ягоную думку, найбольш прагматычна могуць весьці да паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам. Натуральна, што прыезд упаўнаважанага па правах чалавека нават сымбалічна не нясе нічога добрага для беларускіх уладаў.

А вось праз спадара Віганда, які прадстаўляе Эўрапейскую камісію, найбольш прагматычны орган Эўрапейскага Зьвязу, наш урад спрабуе знайсьці нейкія выгады праз дамоваздольную асобу для паляпшэньня адносінаў».