Бел-чырвона-белы сьцяг у падтрымку Сяргея Каваленкі

Фота: <a href="http://news.vitebsk.cc/">news.vitebsk.cc</a>

Браты Тарас і Алег Сурганы ранкам 8 лютага вывесілі ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг. Да 8 раніцы ён лунаў на асьвятляльнай вежы над чыгункай недалёка ад чыгуначнага вакзалу.
Тарас Сурган заяўляе, што яны з братам вырашылі не хавацца і ўзяць на сябе поўную адказнасьць за зьдзейсьнены ўчынак:

«Мы зрабілі гэта на знак салідарнасьці з нашым сябрам Сяргеем Каваленкам, якога трымаюць у СІЗА, і з усімі палітзьняволенымі, якія знаходзяцца зараз у беларускіх турмах».

Тарас Сурган быў паплечнікам Сяргея Каваленкі падчас шэрагу акцыяў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. І актывіста «Маладой Беларусі» таксама неаднаразова каралі штрафамі і «суткамі» за прыхільнасьць да нацыянальнага сьцягу. Таму ён вырашыў, што бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ў падтрымку Сяргея Каваленкі, — гэта самая яскравая праява салідарнасьці.

Сяргей Каваленка знаходзіцца ў віцебскім СІЗА паводле крымінальнага абвінавачаньня. Яго вінавацяць ва ўхіленьні ад адбываньня пакараньня — так званай «хатняй хіміі», тры гады якой яму прысудзілі за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 году. На знак пратэсту супраць гэтага абвінавачаньня Сяргей Каваленка трымае галадоўку, якую распачаў 19 сьнежня.