Рост рэальных заробкаў у 2012 годзе складзе каля 4 працэнтаў

Гэтую лічбу назваў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Ярашэнка.
Ён сказаў, што ўрад будзе прытрымлівацца ўстаноўкі, каб рост заробкаў быў прывязаны да росту прадукцыйнасьці працы. А гэты паказчык у 2012 годзе заплянаваны на ўзроўні 5,7 працэнта. Той сытуацыі, якая была раней, калі разрыў паміж ростам заробку і прадукцыйнасьцю працы складаў 20 пунктаў, больш ня будзе.

Спадар Ярашэнка агучыў вынікі працы беларускай эканомікі за студзень, паводле ацэнак экспэртаў Мінэканомікі. Рост валавога ўнутранага прадукту складзе 2 працэнты (пры гадавым заданьні 5–5,5 працэнта). Інфляцыя ў студзені склала 1,9 працэнта. Сальда замежнага гандлю за студзень мае быць станоўчым — каля 15 мільёнаў даляраў.

Перамовы наконт крэдыту ЭўраАзЭС працягваюцца, паведаміў намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч. Пытаньне аб выдзяленьні траншу Беларусі плянуецца вырашыць да 22 лютага.