Бунт паліцыі на Мальдывах: прэзыдэнт пайшоў у адстаўку

Прэзыдэнт Мальдываў Мухамэд Нашыд заявіў аб адстаўцы пасьля таго, як група афіцэраў паліцыі падняла бунт і захапіла дзяржаўнае тэлебачаньне.
Бунт афіцэраў паліцыі і адстаўка прэзыдэнта наступілі пасьля некалькіх тыдняў пратэстаў супраць рашэньня Нашыда арыштаваць аднаго з судзьдзяў на астравах.

Нашыд, які прыйшоў да ўлады ў выніку перамогі на выбарах у 2008 годзе, лічыцца чалавекам, які ўвёў дэмакратычныя звычаі ў палітычным жыцьці гэтай невялікай астраўной дзяржавы, якой перад ім кіраваў 30 гадоў у аўтакратычным стылі прэзыдэнт Мамун Абдул Гаюм.

У тэлезвароце да нацыі Нашыд сказаў, што, калі б ён застаўся пры ўладзе, яму давялося б ужыць сілу супраць уласнага народу. Раней мальдыўскія вайскоўцы разагналі дэманстрацыю прыхільнікаў папярэдняга прэзыдэнта Гаюма, сярод якіх былі і паліцыянты.

У паведамленьнях з Мальдываў сусьветныя прэс-агенцтвы адзначаюць, што палітычныя праблемы гэтай невялікай дзяржавы ў Індыйскім акіяне (каля 400 тысяч грамадзян) наогул нябачныя для сотняў тысяч турыстаў, якія аблюбавалі мальдыўскія астравы як месца адпачынку.