Лукашэнка можа паляцець у Вэнэсуэлу цягам 2–3 тыдняў

Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Пра гэта паведаміў амбасадар Вэнэсуэлы Амэрыка Дыяс Нуньес.
Адказваючы на пытаньне «Свабоды», дыплямат заявіў, што чакаецца візыт у Каракас Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнку чакаюць, каб ён адкрыў прадпрыемствы па зьбіраньні трактароў і грузавікоў.

Амбасадар згадаў, што Лукашэнка абяцаў на адкрыцьцё гэтых прадпрыемстваў.

Канкрэтная дата візыту вызначаецца кіраўнікамі краінаў, падкрэсьліў Нуньес.

Аднак разам з тым ён заявіў, што прадпрыемствы могуць запрацаваць цягам бліжэйшых 2–3 тыдняў.

Нуньес: Пастаўкі вэнэсуэльскай нафты будуць працягвацца

«Вялікія закупы Беларусьсю расейскай нафты не паўплываюць на гэты працэс, паколькі гаворка ідзе пра пастаўкі лёгкай нафты. У Расеі такой нафты няма. І мы тут з Расеяй не супернікі», — заявіў вэнэсуэльскі дыплямат.

Амбасадар адмовіўся назваць канкрэтныя лічбы аб’ёмаў паставак. Ён толькі адзначыў, што «аб’ёмы значна ня зьменяцца».