Байкот вызваліць палітвязьняў

Ініцыятыўная група па правядзеньні кампаніі байкоту заклікала грамадзянаў Беларусі ня браць удзелу ў маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах.
Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Генадзь Фядыніч (прафсаюз РЭП), палітык Віктар Івашкевіч, былы палітвязень Аляксандар Атрошчанкаў, Аляксей Марачкін (Рада беларускай інтэлігенцыі) і Віктар Болдзін («Эўрапейская Беларусь») правялі 2 лютага прэс-канфэрэнцыю ў Менску.

Яны заявілі, што нельга браць удзел у выбарах, калі ў турмах знаходзяцца палітвязьні. Прыхільнікі байкоту ня бачаць магчымасьці ўдзелу ў падрыхтоўцы да выбараў і зьняцьця кандыдатаў за некалькі дзён да галасаваньня, бо гэтым даюць магчымасьць уладам трымаць палітвязьняў за кратамі. Толькі пратэсты, байкот ад сёньняшняга дня і заклік ня браць удзелу ў выбарах могуць паўплываць на тое, што ўлады выпусьцяць палітвязьняў.

Ініцыятыўная група «За байкот» ужо працуе ў рэгіёнах, распаўсюджвае адмысловы зварот, неўзабаве пачне працу сайт у інтэрнэце.

Заяву пра байкот раней падпісала ініцыятыўная група ў складзе Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Казуліна, Віктара Івашкевіча, Яўгена Афнагеля і Паўла Марыніча. Яе падтрымалі зьезд стваранай Партыі БХД, КХП БНФ, ініцыятыва «Вызваленьне», Каардынацыйная рада народных сходаў, «Беларускі рух», кааліцыя «Спадчына».

Падрабязнасьці пазьней на нашым сайце