Вяртаньне кардоннага аяталы

1 лютага ў Тэгеране адбылася дзіўная цырымонія, прысьвечаная вяртаньню ў 1979 заснавальніка Ісламскай рэспублікі Хамэйні ў Іран, у якой дублёрам нябожчыка аяталы быў кардон.
Цырымонія стала часткай штогадовага 10-дзённага сьвяткаваньня гадавіны рэвалюцыі 1979 году.

1 лютага 1979 аятала Хамэйні, лідэр іранскай ісламскай рэвалюцыі , трыюмфальна вярнуўся ў Тэгеран рэйсам Air France з Парыжу пасьля 14 гадоў выгнаньня.

Цяпер праз 33 гады ягонае вяртаньне было інсцэніраванае ў дзіўнай цырымоніі, калі ахоўнікі спускалі з трапу самалёту кардонную выяву Хамэйні, натоўп унізе вітаў яго.



Іранцы сутыкнуліся з мноствам незвычайных і абсурдных падзеяў на працягу апошніх трох дзесяцігодзьдзяў кіраваньня клерыкалаў. Цырымонія ў сераду, аднак, магчыма, была найбольш абсурднай з усіх.

На сэрыі фатаграфій, разьмешчанай на сайце паўафіцыйнага агенцтва навін Mehr, паказана, як два ахоўнікі напышлівага выгляду пераносяць кардоннага Хамэйні, астатнія робяць сур’ёзны выгляд і вітаюць сівабародага аяталу. Аркестар грае фонавы марш.



Іншая кардонная выява Хамэйні, які седзячы ўсьміхаецца, ўдзельнічае ў цырымоніі, на якой прысутнічае міністар адукацыі Хамід Рэза Хадж Бабаі ды іншыя афіцыйныя асобы. Яны адзначаюць вяртаньне аяталы да школы Рэфах, дзе ён стварыў сваю штаб-кватэру 33 гады таму. Кардонны Хамэйні сядзіць, а іншыя, адчуваючы сябе крыху няёмка побач зь ім, п’юць гарбату і балбочуць.



Цырымоніі з кардонным Хамэйні былі наладжаныя дзеля праслаўленьня важнага моманту ў сучаснай гісторыі Ірана. Але яны, здаецца, атрымалі зваротны эфэкт, бо выклікалі жарты і насьмешлівыя камэнтары вясёлых іранцаў.

Замежны карэспандэнт запытаў Хамэйні, што ён адчувае па вяртаньні на радзіму пасьля столькіх гадоў. Той ліха адказаў: «Нічога».

Гэта выклікала шэраг пародый у сацыяльных мэдыях:

«Кардоннага Хамэйні пытаюцца, што ён адчувае па вяртаньні ў Іран? [Нябожчык Хамэйні] быў чалавек, і ў яго не было ніякіх пачуцьцяў [аб вяртаньні ў Іран], я проста кардон, кажа ён».



Кардонны Хамэйні прыйшоў у зусім іншы Іран, адрозны ад таго, які рэальны аятала абяцаў іранцам. Ён гаварыў пра свабоду і справядлівасьць, а цяпер разрыў паміж багатымі і беднымі пашыраецца, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі крытыкуюць Іран за яго рэпрэсіўную палітыку.

Рэвалюцыйны запал даўно прайшоў на фоне шматлікіх расчараваньняў.
За больш за тры дзесяцігодзьдзі пасьля рэвалюцыі 1979 году у Іране былі зьнішчаныя альбо выключаныя з палітыкі многія бацькі і дзеці — заснавальнікі рэвалюцыі, якія разам з Хамэйні дапамагалі ствараць ісламскую дзяржаву.

У тым ліку пратэжэ Хамэйні, былы прэм’ер-міністар, цяпер апазыцыйны лідэр Мір Хасейн Мусаві, які знаходзіцца пад хатнім арыштам з мінулага лютага. Рэфармісцкі сьвятар і лідэр апазыцыі Мэхдзі Карубі, адзін з бацькоў-заснавальнікаў рэвалюцыі, таксама знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Былы прэзыдэнт Акбар Хашэмі Рафсанджані быў ізаляваны і выціснуты з-за яго суперніцтва з прэзыдэнтам Махмудам Ахмадзінежадам і яго крытыкі пасьлявыбарчых разгонаў дэманстрацый.

Некаторыя сваякі Хамэйні таксама спазналі ціск за сваю падтрымку апазыцыйнага руху.

Апрацаваны фоташопам кардонны Хамэйні ў інтэрнэце намякае на цяперашнюю сытуацыю.



Хамэйні кажа чыноўнікам, якія сядзяць побач зь ім: «Прывітаньне, хлопцы, вельмі прыемна сустрэцца з вамі, але ці не бачылі вы Акбара выпадкова? Хашэмі?»

Тыя, што сядзяць побач, робяць выгляд, што паняцьця ня маюць, хто такі «Акбар», і спрабуюць зьмяніць тэму: «У нас няма ніякага Акбару тут».

Яны дадаюць: «Мы таксама ня маем Міра Хасейна Мусаві і Мэхдзі Карубі. Давайце зьменім тэму. Як вы пачуваецеся?»

Жыхар Тэгерану кажа Радыё Свабода, што цырымоніі з кардонным Хамэйні зьяўляюцца «велізарнай шарадай».

«Гэта так іранскія ўлады хочуць аднавіць законнасьць? Ствараючы кардоннага куміра?!», пытаецца ён.