Расея зноў заступілася за сырыйскі рэжым

Актывісты перад будынкам Рады бясьпекі ААН пратэстуюць супраць расейскага блякаваньня рэзалюцыяў па Сырыі. Надпіс на плякаце: «Пуцін! Сырыйская кроў – на тваіх руках». Нью-Ёрк, 24 студзеня 2012

Рада бясьпекі ААН абмеркавала рэзалюцыю па Сырыі. Рэзалюцыя, ініцыяваная краінамі Захаду і арабскага сьвету, заклікае падтрымаць плян, прапанаваны Лігай арабскіх дзяржаў, які прадугледжвае адстаўку прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і стварэньне пераходнага кааліцыйнага ўраду.
Ужо па выніках папярэдняга абмеркаваньня прадстаўнік Расеі пры ААН Віталій Чуркін заявіў, што Масква «прынцыпова» ня зможа падтрымаць гэтага дакумэнту, паколькі ён прадугледжвае магчымасьць санкцыяў супраць афіцыйнага Дамаску.

Адначасова Ліга арабскіх дзяржаў прыпыніла працу сваёй назіральнай місіі у Сырыі — у сувязі з эскаляцыяй гвалту ў гэтай краіне ў апошнія дні. Пра рашэньне Лігі заявіў у суботу ў Каіры намесьнік яе генэральнага сакратара Ахмэд бэн Хэлі.

За апошнія некалькі дзён у Сырыі ў сутыкненьнях паміж сіламі бясьпекі і праціўнікамі рэжыму прэзыдэнта Башара Асада загінулі прынамсі 80 чалавек. Толькі ў суботу, паводле афіцыйнага Дамаску, пры нападзе узброеных апазыцыянэраў загінулі больш за 10 вайскоўцаў. Актывісты апазыцыі ў сваю чаргу паведамілі аб забойстве ў горадзе Хама 17 чалавек, раней арыштаваных сіламі бясьпекі.