Вылучэньне Алеся Бяляцкага на Нобэля: рэакцыі

Алесь Бяляцкі

27 студзеня ў Варшаве адбылася прэзэнтацыя афіцыйнай заявы дэпутатаў польскага Сэйму ў справе вылучэньня на Нобэлеўскую прэмію міру беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пад гэтым дакумэнтам паставілі свае подпісы ня толькі польскія дэпутаты, але і парлямэнтары з 27 краін, што ўваходзяць у Раду Эўропы.
Кіраўнік дэпутацкай групы ў справах Беларусі польскага сэйму Робэрт Тышкевіч:

«Ініцыятыва прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму ёсьць прызнаньне праз эўрапейскую дэмакратычную супольнасьць ягоных выбітных заслуг у галіне абароны правоў чалавека і грамадзяніна. Вылучэньне мае вялікую падтрымку ў краінах Эўразьвязу. І гэта прызнаньне ролі ўсёй беларускай апазыцыі, усіх грамадзкіх арганізацый, якія змагаюцца за дэмакратычныя правы і свабоды.

Лічу, што было б сапраўды выдатна, калі б Алесь Бяляцкі гэтую ўзнагароду атрымаў. Будзем рабіць усё, каб так атрымалася».

Уладзімер Някляеў

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў спадзяецца на посьпех гэтай ініцыятывы:

«Дзякуй Богу, калі гэта станецца. Я ўжо маю на ўвазе тое, што можа стацца ў выніку гэтага вылучэньня.

Мы ўжо даўно намагаемся ў гэтым накірунку нешта зрабіць. Вылучаўся Васіль Быкаў — як літаратар, зразумела. Вылучаўся Рыгор Барадулін. Але пакуль што нічога не выходзіла.

І справа ў тым, каб Беларусь наагул займела гэтую прэстыжную адзнаку. Бо гэта будзе на карысьць нам усім — народу, краіне. А найперш будучыні нашай краіны, да якой праз гэта будзе прыцягнута дадаткова ўвага міжнароднай супольнасьці».

Юры Хадыка

«Вялікай падтрымкай беларускай дэмакратычнай супольнасьці» назваў сёньняшняе рашэньне польскага сэйму прафэсар Юры Хадыка:

«Я ня думаю, што Лукашэнка выпусьціць Алеся ў выніку гэтага вылучэньня. Але ж сытуацыя стане зусім не зразумелай, калі Бяляцкі насамрэч атрымае гэтую прэмію. Мы павінны быць вельмі ўдзячныя польскаму сэйму за ягонае рашэньне».

Алеся Бяляцкага вылучаюць на прэмію Нобэля і іншыя вядомыя асобы. Гэтак, пяць дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны накіравалі ў Осла, дзе месьціцца Нобэлеўскі камітэт міру, свой намінацыйны ліст. Пра гэта «Свабодзе» сёньня паведаміў былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны:

Раман Бясьсьмертны

«Гэта дзейныя дэпутаты: Віктар Марчук, Леся Грыгаровіч, Мустафа Джамілёў, Анатоль Мацьвіенка і Яраслаў Кэндзер. Яны ўжо зьвязваліся з Осла, і ім паведамілі, што іх лісты дайшлі па прызначэньні.

Што тычыцца маёй думкі, то я далучаюся да сваіх былых калегаў-парлямэнтароў. Я таксама ўпэўнены, што гэты чалавек заслугоўвае прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі. І я хачу пажадаць усяму беларускаму народу, каб імя Бяляцкага як барацьбіта за мір, як чалавека, які адстойваў годнасьць беларускага народу, заўжды было такім павадыром у цяперашніх складаных умовах».

Да агульнай кампаніі далучылася і Шырын Эбадзі — іранская адвакатка, якая атрымала Нобэлеўскую ўзнагароду ў 2003 годзе. Яна таксама даслала свой намінацыйны ліст у Осла.