Сям'ю Канавалавых па-ранейшаму ахоўваюць

Пра гэта кажуць суседзі Дзьмітрыя Канавалава, асуджанага на сьмерць паводле абвінавачаньня ў тэракце 11 красавіка.
Жыхары дому 8, корпус 1, па вуліцы Рэпіна адзначаюць, што дагэтуль пад вокнамі кватэры Канавалавых дзяжурыць машына зь людзьмі ў цывільным. Іншым разам невядомыя дзяжураць проста ў пад’езьдзе — паміж першым і другім паверхамі.

«Калі пад домам стаіць машына, або на лесьвіцы дзяжураць незнаёмыя хлопцы — значыць, бацькі Канавалава дома. Калі ў кватэры нікога няма, то працуе сыгналізацыя — яе ўсталявалі адразу пасьля падзеяў у мэтро. Маці выгульвае сабачку пад аховай гэтых хлопцаў. А на працу яе возяць на службовай машыне, прычым ахоўнікі ставяцца да яе з павагай — адчыняюць перад ёй дзьверы, пасьміхаюцца», — распавядае сусед па пад’езьдзе.

Суседзі ня ведаюць, навошта патрэбная такая ахова: ніхто ня кажа бацькам асуджанага нічога дрэннага, не было і памкненьняў якім-небудзь чынам адпомсьціць сям’і за тое, што Дзьмітры Канавалаў прызнаў сябе вінаватым у тэракце.

Тыя, хто ня верыць у вінаватасьць Канавалава, лічаць, што яго сям’ю ахоўваюць недарэмна — хутчэй за ўсё таму, каб бацькі не кантактавалі з журналістамі і не распавядалі падрабязнасьцяў пра справу сына пабочным асобам. Бацькі Дзьмітрыя Канавалава пазьбягаюць кантактаў нават са сваякамі Ўладзіслава Кавалёва, якога асудзілі на сьмерць разам зь іхным сынам.