Расейскім паліцыянтам не да жартаў пасьля сустрэчы зь беларускімі гумарыстамі

Заведзеная крымінальная справа на трох расейскіх паліцыянтаў, якія, паводле ўдзельнікаў беларускай каманды КВЗ, спрабавалі вымагаць зь іх грошы.
Пра гэта паведамляе ўправа Сьледчага камітэту РФ па Краснадарскім краі.

Інцыдэнт з удзелам сябраў каманды КВЗ «Белыя росы» адбыўся каля Сочы 11 студзеня. Супрацоўнікі патрульна-паставой службы спынілі аўтамабіль, на якім ехалі беларускія гумарысты, і падчас вобшуку знайшлі ў вадзіцеля аўтамабіля скрутак марыхуаны. Аб’ём знойдзенага наркотыку быў недастатковы для завядзеньня крымінальнай справы, але паліцыянты прыгразілі беларусам крымінальнай адказнасьцю, і тыя пагадзіліся заплаціць 20 тысяч расейскіх рублёў адразу, а пазьней яшчэ 100 тысяч, каб справу не заводзілі. Прыехаўшы ў Сочы, беларусы распавялі расейскім калегам па КВЗ пра тое, што зь імі адбылося ў дарозе, і зьвярнуліся ў паліцыю.

«Дванаццатага студзеня пасьля перадачы запатрабаванай сумы грошай зламысьнікі былі затрыманыя апэратыўнымі работнікамі ФСБ», — гаворыцца ў паведамленьні ўправы Сьледчага камітэту РФ. На трох затрыманых паліцыянтаў завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб махлярстве праз службовае становішча, паведамляе БелаПАН.