24 студзеня даражэюць аўтамабілі

Пачаў дзейнічаць указ Лукашэнкі № 36, падпісаны 17 студзеня 2012 году.
Паводле ўказу, падатковай базай для вылічэньня ПДВ будзе ўвесь кошт аўтамабіля, пры гэтым будзе ўжывацца стандартная стаўка ў 20%.

Прадстаўнік Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч лічыць: у хуткім часе новыя аўтамабілі могуць падаражэць на 16%, падымуцца ў цане і ўжываныя аўто.

У афіцыйным камэнтары, які раней распаўсюдзіла прэсавая служба Лукашэнкі, гаворыцца: скасаваньне ільготаў па ПДВ робіцца «ў мэтах выраўноўваньня ўмоў падаткаабкладаньня легкавых аўтамабіляў на адзіным рынку краінаў Мытнага зьвязу і выкананьня ўмоў выдзяленьня Рэспубліцы Беларусь стабілізацыйнага крэдыту са сродкаў Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС».