ЭЗ уводзіць эмбарга на іранскую нафту

Прэзыдэнт Ахмадзінэжад выступае на нафтаперапрацоўчым камбінаце ў Абадане.

Краіны — чальцы Эўрапейскага Зьвязу дамовіліся ўвесьці забарону на пастаўкі іранскай нафты з мэтай спыніць фінансаваньне ядзернай праграмы Ірану.
Пра гэта паведамілі крыніцы ў кіраўніцтве ЭЗ пасьля перамоваў паміж прадстаўнікамі 17 краін-чальцоў Зьвязу, якія прайшлі сёньня ў Брусэлі.

Дамоўленасьць аб узмацненьні жорсткасьці санкцый супраць Ірану будзе фармальна ўхваленая на сёньняшняй сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЭЗ.

Новыя санкцыі прадугледжваюць неадкладнае спыненьне імпарту іранскай сырой нафты і паступовае згортваньне цяперашніх кантрактаў паміж Іранам і краінамі ЭЗ аб закупках нафты, якое мае быць завершана 1 ліпеня сёлета.

Цяпер Іран пастаўляе каля 20% сваёй нафты краінам Эўразьвязу. Асноўнымі яе пакупнікамі зьяўляюцца Грэцыя, Гішпанія і Італія.