Прэзыдэнт Пакістану Азіф Алі Зардары сустрэўся ў суботу ў Ісламабадзе з камандуючым арміяй генэралам Ашфакам Каяні – ў спробе нармалізаваць адносіны паміж грамадзянскай уладай і вайскоўцамі. Аб падрабязнасьцях перамоў не паведамляецца.
Сёньня ж Каяні сустракаецца з прэм'ер-міністрам Юсуфам Раза Гілені.
У пятніцу ўвечары Лёндан і Ісламабад зьняпраўдзілі паведамленьні аб тым, што Гілені нібыта зьвяртаўся да брытанскага прадстаўніка ў Пакістане з просьбай дапамагчы прадухіліць вайсковы пераварот.
Раней у пятніцу пакістанскі прэм'ер зьвярнуўся да парлямэнту краіны па падтрымку, заявіўшы, што дэпутаты павінны зрабіць выбар "паміж дэмакратыяй і дыктатурай". У панядзелак у парлямэнце намечана галасаваньне па пытаньні аб даверы Гілені.