Паганяйла: З палітвязьнем Статкевічам гэта першы выпадак у гісторыі Беларусі

Гары Паганяйла

Пра ўмовы ўтрыманьня ў турме распавядае праваабаронца, былы судзьдзя Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла: Калёніі ўзмоцненага і строгага рэжыму адрозьніваюцца ад турмы толькі ўмовамі ўтрыманьня. У турме абмяжоўваецца колькасьць спатканьняў, перапіскі, зьняволены мае права штомесяц расходаваць адну базавую велічыню, не дазволеныя доўгатэрміновыя спатканьні, не дазволена атрымліваць пасылкі альбо перадачы. Тэлефанаваць блізкім можна толькі ў выключных абставінах. Самі па сабе ўмовы больш жорсткія, чым у звычайных установах адбываньня пакараньня. Як правіла, туды накіроўваюць асобаў, якія неаднаразова парушалі турэмны рэжым, альбо паводле прысуду суду асабліва небясьпечных злачынцаў на пяць першых гадоў.


Соўсь: У гісторыі Беларусі ці сядзелі палітвязьні менавіта ў турмах?


Паганяйла: Такіх выпадкаў пераводу са звычайнай установы ў турму не было раней. З Міколам Статкевічам гэта першы выпадак.


Соўсь: У якую турму могуць перавесьці Статкевіча?


Паганяйла: Я ведаю, што адна такая турма знаходзіцца ў Горадні. Іншых я ня ведаю.


Соўсь: У турэмных камэрах колькі чалавек?


Паганяйла: Два, тры альбо чатыры. Асаблівым чынам гэта не рэглямэнтуецца. Могуць трымаць у адзіночнай камэры. Залежыць ад таго, якія камэры там ёсьць і куды адміністрацыя разьмесьціць Статкевіча. Там больш жорсткі рэжым, больш жорсткі распарадак дня. Любое непадпарадкаваньне караецца санкцыямі. Адным словам, канечне, гэта найгоршыя ўмовы.