Ежы Бузэк: «Лукашэнка атрымаў нечаканы падарунак ад IHF»

Ежы Бузэк

«Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк расчараваны пазыцыяй Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IHF), якая днямі пацьвердзіла сваё рашэньне аб правядзеньні чэмпіянату сьвету 2014 году ў Менску», — заявіў у інтэрвію Польскаму радыё прэсавы сакратар Бузка Робэрт Галанскі. Ён лічыць гэта памылковым рашэньнем і адначасна падарункам для Лукашэнкі.

Паводле прэсавага сакратара, Ежы Бузэк ужо больш за год таму накіраваў зварот да Міжнароднай фэдэрацыі хакею, прычым ня толькі ад уласнага імя, а ад імя ўсяго Эўрапарлямэнту з патрабаваньнем адклікаць рашэньне аб правядзеньні прэстыжнага турніру ў Беларусі — краіне, дзе брутальна парушаюцца правы чалавека.

Хакейная фэдэрацыя атрымала шмат сыгналаў з асуджэньнем гэткай пазыцыі IHF. Акрамя рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, прэсавы сакратар Бузэка згадаў ліст з Кангрэсу ЗША за подпісам прэзыдэнта Барака Абамы, які заклікаў прыпыніць рашэньне, пакуль у Беларусі ня вызваляць усіх палітвязьняў.