Вайцюшкевіч: «Яны будуць казаць — «я выпаўняў прыказ»

Зьміцер Вайцюшкевіч

Пасьля вяртаньня з канцэртаў у Расеі сьпявак даведаўся, што яго традыцыйны канцэрт на 8 сакавіка ў Менску праводзіць не дазволена.
Як стала вядома музычнаму сайту «Тузін Гітоў», заплянаваны на 8 сакавіка традыцыйны сольны канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ня быў дазволены ўпраўленьнем культуры Менгарвыканкаму. Па інфармацыі «Тузіна Гітоў», выступ Вайцюшкевіча не прайшоў узгадненьня з начальніцай упраўленьня сацыяльна-культурнай палітыкі адміністрацыі прэзыдэнта і намесьніцай начальніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Ірынай Дрыгай.

Гэта ўжо другі раз за апошнія месяцы, калі ўлады зрываюць канцэрты сьпевака ў Беларусі. Як сказаў Вайцюшкевіч "Свабодзе", ён ужо прызвычаіўся жыць у такой рэальнасьці:

«Нельга сказаць, каб я моцна расстроіўся, бо ўжо да гэтага прызвычаіўся, бо ўжо будзе хутка год, як пачаліся гэтыя забароны. Для сябе я вырашаю, што гэта мне дае дадатковы час засяродзіцца на творчасьці, працы.

Узьдзейнічаць неяк асабіста на гэтую спадарыню Ірыну ці на якога іншага начальніка ад культуры я, натуральна, не магу, бо яны ўсе будуць казаць, што „я зальдат, я выпаўняў прыказ“. Натуральна, яны піхаюць мяне ў нейкую „анты“ дзейнасьць, але я гэтым і так ужо займаюся 15 гадоў».

Творчасьць Вайцюшкевіча — пераважна лірычная, палітычныя ці сацыяльныя матывы ў ягоных песьнях амаль не гучаць. Чаму тады ён разам зь Лявонам Вольскім, Сяргеем Міхалком ды іншымі трапіў у сьпіс забароненых творцаў?

Вайцюшкевіч: «Разумееце, для іх „Я нарадзіўся тут“ — таксама палітыка, прычым ня меншая, чым апошнія песьні „Ляпіса“. „Сьцяг“ на словы Някляева — таксама, хаця яна была напісаная 5 гадоў таму. Я такой долі не выбіраў, ня думаў, што апынуся ў такой ролі — але ўлады проста не пакінулі мне ніякага выбару».

Бліжэйшыя свае канцэрты выканаўца адыграе на Падляшшы, у Польшчы: 15 студзеня ён выступіць у Сувалках, 16-га — у Манэтах, 17-га — у Доме культуры Гарадка.

Your browser doesn’t support HTML5

Зьміцер Вайцюшкевіч - Госьць на Свабодзе, 10 студзеня 2012 году