У Паўночнай Карэі будзе амністыя

Кіраўніцтва Карэйскай народна-дэмакратычнай рэспублікі абвясьціла амністыю для зьняволеных у гонар дзён нараджэньня Кім Ір Сэна (1912-1994) і Кім Чэн Іра (1941-2011).
Паводле паўночнакарэйскага інфармацыйнага агенцтва, ужо падрыхтаваны дэкрэт аб амністыі, які ўступіць у сілу 1 лютага.

Аб ліку вязьняў, якія могуць выйсьці на волю, не паведамляецца. Таксама незразумела, каго закране гэты дэкрэт.

Паводле ацэнак міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у лягерах Паўночнай Карэі можа знаходзіцца каля 200 тысяч палітвязьняў.

Карэйскае агенцтва перадало, што амністыя «ўкараняе ў жыцьцё высакародную, велікадушную і ўсеабдымную палітыку» «вялікага правадыра» Кім Ір Сэна і «вялікага кіраўніка» Кім Чэн Іра.

На зьмену Кім Чэн Іру прыйшоў ягоны сын Кім Чон Ын, які валодае невялікім палітычным вопытам. Яму каля 30 гадоў.

Па паведамленьнях Amnesty International, летась у Паўночнай Карэі павялічылася плошча лягераў для зьняволеных. Гэтыя дадзеныя заснаваныя на аналізе фотаздымкаў са спадарожнікаў. Праваабарончая арганізацыя, абапіраючыся на сьведчаньні былых зьняволеных паўночнакарэйскіх лягераў, кажа аб катаваньнях, голадзе і прымусовай працы ў гэтых лягерах.