Сьвятлана Чорная працягвае галадоўку супраць сьмяротнага прысуду

  • БелаПАН

Канавалаў і Кавалёў у судзе

Жыхарка Менску Сьвятлана Чорная сьцьвярджае, што працягвае галадоўку, якую яна абвясьціла напачатку сьнежня на знак пратэсту супраць сьмяротнага прысуду Дзьмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.
Як паведаміла Чорная БелаПАН, яна п’е толькі ваду. Стан свайго здароўя яна ацэньвае як «больш-менш нармальны». Апошнім часам яна не узважвалася і ня ведае, колькі кіляграм страціла за час галадоўкі.

На яе зварот з нагоды вынясеньня сьмяротнага прысуду Кавалёву і Канавалаву адказу з Адміністрацыі прэзыдэнта пакуль не было. «Маё зварот перанакіраваны ў камісію па памілаваньні, і там мне сказалі, што камісія можа разгледзець маю заяву толькі тады, калі да іх паступяць крымінальныя справы Канавалава і Кавалёва з Вярхоўнага суду. Пакуль гэтыя справы да іх не паступілі», — сказала Чорная.

У лісьце на імя Аляксандра Лукашэнкі Сьвятлана Чорная выказвае сумнеў у тым, што суд пакараў сапраўды вінаватых людзей. «Я грамадзянка Рэспублікі Беларусь, належу да яе народу, ад свайго імя прашу вас не дапусьціць сьмяротнага пакараньня Канавалава і Кавалёва... Наша краіна — цывілізаваная дзяржава. Аднак у ёй хочуць пакараць сьмерцю двух маладых хлопцаў, віна якіх выклікае сумнеў немалой часткі насельніцтва маёй краіны, у тым ліку пацярпелых ад тэракту, за які былі асуджаныя прысуджаныя », - гаворыцца ў звароце.

Сёньня Сьвятлана Чорная мае намер перадаць прашэньне аб асабістай сустрэчы Мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі. «Я спадзяюся, што ён можа паўплываць на зьмяненьне прысуду», — адзначыла Чорная.

25-летнія Дзьмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў асуджаныя Вярхоўным судом да сьмяротнага пакараньня па справе аб тэракце ў менскім мэтро.

Your browser doesn’t support HTML5

Чорная: Буду галадаць, пакуль ім не пакінуць жыцьцё


Запіс 30 сьнежня 2011