Улады засумняваліся наконт рэканструкцыі Каложы

У Горадні пачалася «рэканструкцыя з рэстаўрацыйна-аднаўленчымі работамі» Калоскай царквы ХІІ стагодзьдзя. Але самога храму пакуль што не чапаюць
Цяпер будуецца царкоўна-прыходзкі комплекс, які зьяўляецца першай чаргой рэканструкцыі. Выглядае, што ўлады пачулі пратэсты грамадзкасьці і засумняваліся ў тым, што Каложа пасьля будаўнікоў зможа захаваць статус помніка архітэктуры.

Царкоўна-прыходзкі комплекс ствараецца на пагорку мэтраў за сто — сто пяцьдзясят ад Калоскай царквы. Заказчык — інстытут «Гроднаграмадзянпраект».

Старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра нядаўна прызнаў, што ў дачыненьні да Калоскай царквы нельга дапусьціць памылкі. Хаця праект яе аднаўленьня быў зацьверджаны, сёньня, паводле слоў чыноўніка, вывучаюцца розныя падыходы: ці варта адбудоўваць сьцяну храму, якая была 150 гадоў таму зруйнавана паводкай, а пазьней адноўлена з дрэва?

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч заўсёды быў праціўнікам рэканструкцыі храму ХІІ стагодзьдзя:

«Усё-ткі вымушаныя былі ўлады рэагаваць і казаць, што ня ўсе ў грамадзтве падтрымліваюць гэтую рэканструкцыю. Вось я лічу, што гэта наша вялікая перамога. Параза ў тым, што яны пачалі будаваць каля Каложы царкоўна-прыходзкі комплекс. Справа ў тым, што такі помнік, як Каложа, — ён дасканала ўвязаны з рэльефам. Ён упісваўся ў рэльеф сярэднявечнымі дойлідамі. І ў нас у Горадні захавалася такая сувязь унікальнага помніка з рэльефам, захавалася выпадкова — там парк і няма блізка забудовы, гэта ўнікальна для Эўропы. Можна было знайсьці ў горадзе месца для гэтага праваслаўнага цэнтру».

Будоўля царкоўна-прыходзкага комплексу.



Якія падыходы прапануе сёньня грамадзкасьць адносна Калоскай царквы?

Краўцэвіч: «Кансэрваваць, а не аднаўляць. Таму што „аднаўленьне па-беларуску“ азначае зьнішчэньне помніка і пабудову макета з сылікатнай цэглы. І так усюды. Мне расказваў сябра-мастак, які быў сьведкам, як двое рабочых адбойнымі малаткамі разьбілі ўваходную браму ў Нясьвіскі замак. Праз тыдзень там была такая ж самая брама з бэтону. Таму што рабочым трэба даваць аб’ём працы, каб маглі атрымаць заробак».

Кіраўнік нацыянальнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч мае такое меркаваньне наконт аднаўленьня Каложы:

«Тыя кансэрвацыйныя працы, якія былі праведзеныя ў 1910 годзе, — ужо помнік рэстаўрацыі. Дарэчы, я прапаноўваў Мінкульту прызнаць гэтыя драўляныя канструкцыі гістарычна-культурнай каштоўнасьцю. Але калі яны ўзгаднілі праект пад навуковым кіраўніцтвам Лаўрэцкага, што зроблена гарадзенскім „Грамадзянпраектам“, яны ўжо назад ня пойдуць».

Спадар Астаповіч нагадвае, што ўладамі не было праведзена сапраўднага грамадзкага абмеркаваньня праекту рэстаўрацыі Каложы — помніка архітэктуры ХІІ стагодзьдзя. Прадстаўнікоў грамадзкасьці толькі паінфармавалі, якім ён будзе, пасьля чаго зацьвердзілі.