Кіргізстан хоча ў Мытны саюз

Алмазбэк Атамбаеў

«Кіргізстан ня бачыць для сябе альтэрнатывы ўступленьню ў Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору», — заявіў 29 сьнежня падчас прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнт краіны Алмазбэк Атамбаеў.
Як паведамлялася, увесну гэтага года Кіргізстан заявіў аб пачатку працэдуры ўступленьня ў Мытны саюз (МС), створаны Беларусьсю, Казахстанам і Расіяй.

«Хочам мы ці не, іншага шляху, акрамя ўваходжаньня ў Мытны саюз, я пакуль ня бачу. Нашым гандлярам далей зарабляць на рээкспарце кітайскіх тавараў не дадуць», — цытуе Атамбаева «РИА Новости».

Паводле яго слоў, ужо сёньня з пачаткам працы МС на межах Кіргізстана «ўзьнікаюць вялікія праблемы» зь перавозкай тавараў.

Атамбаеў падкрэсьліў неабходнасьць разьвіцьця ў краіне ўласнай прамысловасьці. «Мы павінны пераходзіць на ўласную вытворчасьць тавараў, час спэкуляцыі скончыўся», — сказаў ён.

Між тым Кіргізстан разьлічвае на пэўныя прэфэрэнцыі з боку ўдзельнікаў Мытнага саюзку, напрыклад, на ўвоз сыравіны для швейнай прамысловасьці, што дазволіць краіне захаваць лёгкую прамысловасьць.