АГП зробіць у 2012 годзе сем крокаў насустрач грамадзтву

Анатоль Лябедзька

«7 галоўных праблем — 7 адказаў — 7 рашэньняў» — такую акцыю будзе праводзіць у 2012 годзе Аб’яднаная грамадзянская партыя.
Пра гэта заявіў кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле ягоных словаў, усе гэтыя мерапрыемствы пройдуць у рамках кампаніі «7 крокаў насустрач адзін аднаму». Партыя хоча цягам наступнага году назваць грамадзтву сем галоўных праблемаў, якія найбольш хвалююць людзей. А таксама прапанаваць шляхі іх вырашэньня. Такім чынам, АГП спадзяецца значна пашырыць шэрагі сваіх прыхільнікаў. Сёлета ў партыю ўступілі 209 чалавек. А ў наступным годзе іх колькасьць павінна ўзрасьці значна болей.

Кіраўніцтва партыі адмовілася назваць гэтыя праблемы, каб «захаваць інтрыгу на будучыню». Першая зь іх будзе названая 17 студзеня.