Шэраг прадпрыемстваў спыняцца на вакацыі

Шэраг буйных беларускіх прамысловых прадпрыемстваў пойдуць на навагоднія вакацыі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, з 31 сьнежня па 9 студзеня не будзе працаваць «Амкадор», з 29 сьнежня па 4 студзеня — Менскі маторны завод, з 31 сьнежня па 9 студзеня — Менскі аўтамабільны завод, з 30 сьнежня па 2 студзеня — Менскі трактарны завод, з 31 сьнежня па 2 студзеня БелАЗ, з 31 сьнежня па 9 студзеня — Менскі завод колавых цягачоў, з 30 сьнежня па 2 студзеня — «Атлант».

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства прамысловасьці, ведамства не будзе працаваць 31 і 1 студзеня, 2 студзеня — працоўны дзень.

Раней віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін заявіў, што дадатковых выходных на Новы год у Беларусі не будзе з-за сытуацыі ў эканоміцы.

«Мы абмяркоўвалі гэтую тэму ва ўрадзе досыць бурна. Прынялі рашэньне, што эканоміка, якая склалася ў нашай краіне, не дазваляе нам адпачываць па пяць і больш дзён», — сказаў ён.

Такім чынам, 2 студзеня будзе ў Беларусі першым працоўным днём у 2012 годзе.