Мясцовыя актывісты наведалі месцы зьняволеньня Саньнікава і Дашкевіча

Паварот да калёніі, дзе знаходзіцца Андрэй Саньнікаў.

Начальнік віцебскай калёніі № 3 адмовіўся ўзяць кнігі Ўладзімера Някляева для турэмнай бібліятэкі. Але запэўніў, што «Андрэй Саньнікаў жывы і здаровы». У глыбоцкай калёніі падрабязнасьцяў пра Зьмітра Дашкевіча даведацца не ўдалося.
На прыём да начальніка віцебскай калёніі № 3 Віталя Агністыкава ўдалося трапіць Уладзіславу Варанецкаму, які быў даверанай асобай Андрэя Саньнікава на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, і актывісту руху «За Свабоду» і кампаніі «Гавары праўду» Сяргею Парсюкевічу.

Актывістаў цікавіла ўсё, што тычыцца ўмоваў утрыманьня Андрэя Саньнікава, кажа спадар Парсюкевіч:

«Было шмат інфармацыі, што вязьню практычна забаронена кантактаваць з адвакатам. І начальнік калёніі заявіў, што Андрэй Саньнікаў уласнаручна напісаў заяву, што ягонаму жыцьцю пагражае небясьпека. Таму начальнік зараз праводзіць праверку, а пакуль зьмясьціў вязьня ў нейкае, як ён гаворыць, „бясьпечнае месца“ і цалкам абмежаваў зь ім усе зносіны».

Паводле Віталя Агністыкава, спадар Саньнікаў кантактуе толькі з супрацоўнікамі калёніі, і сам начальнік адведвае яго два разы на тыдзень. Ён запэўнівае, што скаргаў ад Андрэя Саньнікава няма, і што пачуваецца ён добра:

«Я разумею ваша хваляваньне. Вы ж ня думайце, што тут нейкія сатрапы працуюць! Мая галоўная, адзіна важная задача — гэта захаваць яму жыцьцё і здароўе. Якім яго даставілі, такім назад і аддамо! Я толькі выконваю прысуд, больш нічога!»

Віталь Агністыкаў адмівіўся прыняць кнігі вершаў Уладзімера Някляева і нарысаў Валера Карбалевіча, якія спадар Парсюкевіч прапанаваў для турэмнай бібліятэкі:

«Начальнік калёніі адмовіўся ўзяць кнігі, сказаў, што бібліятэка ў іх і так проста супэр, ні ў чым ня мае патрэбы. І ў асабістае карыстаньне прыняць адмовіўся — сказаў, што такая літаратура яго не цікавіць»

Уладзіслаў Варанецкі і Сяргей Парсюкевіч зь непрынятымі ў калёніі кнігамі.



​Спадар Парсюкевіч адзначыў, што візыт актывістаў не застаўся незаўважаным: на пад’ездах да калёніі дзяжурылі машыны ДАІ, а непасрэдна каля будынку візітораў здымалі на відэакамэру невядомыя асобы ў цывільным. Ня выключана, таму, што на пад’езьдзе да калёніі нехта замацаваў на ўзбочыне дарогі расьцяжку «Свабоду палітвязьням!»

Расьцяжка «Свабоду палітвязьням»



У Глыбоцкую калёнію, дзе адбывае пакараньне моладзевы актывіст Зьміцер Дашкевіч, завіталі сёньня тамтэйшыя актывісты — прадстаўнікі руху «За свабоду», мясцовай філіі БАЖ і «Беларускага Хэльсынкскага камітэту».

Яраслаў Берніковіч, прадстаўнік руху «За Свабоду», адзначыў, што канструктыўнай размовы ў калёніі № 13 не атрымалася:

«Хацелі сустрэцца з начальнікам калёніі, але так і не сустрэліся, хаця доўга чакалі. Сустрэліся з намесьнікам, але ні на якія размовы ён не пайшоў. Мы хацелі высьветліць, ці можна перадаць Зьмітру перадачы або перавесьці грошы яму на рахунак. Але намесьнік сказаў, каб мы ўсё высьвятлялі ў самога Дашкевіча празь лісты або праз адваката».

Аршанскія актывісты сёньня ўраньні распаўсюдзілі па горадзе накалькі дзясяткаў плякатаў «Свабоду палітвязьням!» Цягам дня іх зьнішчылі супрацоўнікі службаў ЖКГ.