Суд не падтрымаў скаргу начальніка Крупскага РАУС

Менскі абласны суд не задаволіў скаргу палкоўніка міліцыі Сацука, які ачольвае Крупскі РАУС. Судзьдзя Ўладзімер Гучок увечары 16 сьнежня вынес свой вэрдыкт — пакінуць скаргу без задавальненьня.
Начальнік Крупскага РАУС падпісаў скаргу ў Менскі абласны суд на рашэньне Крупскага раённага суду. Палкоўніку не спадабалася, што 21 лістапада судзьдзя Крупскага раёну Сівакова спыніла адміністрацыйныя справы супраць некалькіх удзельнікаў нашумелых падзеяў у Крупках. Там міліцыянты арганізавалі вялікі хапун і затрымалі дзясяткі маладых людзей на дыскатэках і ў начных клюбах. Іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі.

Дарэчы, намесьнік міністра ўнутраных спраў Яўген Палудзень, які цяпер сам знаходзіцца лад сьледзтвам, тады казаў, што міліцыянты дзейнічалі ў рамках закона.