Беларуcь зноў сабралася ў космас

Беларускі касьмічны спадарожнік плянуецца запусьціць у першым паўгодзьдзі 2012-га.
Першы намесьнік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Віцязь паведаміў, што пасьля першай няўдачы з запускам белкі, «цяпер праходзіць выпрабаваньне кожны вузел, кожная дэталь».

«Пакуль паасобку усё працуе добра. Будзем спадзявацца, што таксама добра спрацуе ў комплексе», — заявіў Віцязь.

Прадстаўнік НАН не паведаміў, колькі будзе каштаваць другая спроба запусьціць у космас беларускі спадарожнік.

БелКА (абрэвіятура ад Беларускі касьмічны апарат) — беларускі касьмічны апарат дыстанцыйнага зандзіраваньня Зямлі, створаны расейскім прадпрыемствам «Энэргія».

Першы запуск адбыўся 26 ліпеня 2006 года на Байкануры і быў няўдалым з-за аварыі ракеты-носьбіта «Днепр».

Другі беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіраваньня Зямлі плянавалася запусьціць у сакавіку — красавіку 2011 года.

Першая БелКа праляцела ўсяго 73 сэкунды. На ўзьлёце адбылося аварыйнае адключэньне рухавікоў ракеты. Фрагмэнты ракеты са спадарожнікам ўпалі на поўдні Казахстану.