Лукашэнка: сьпяшацца з прыватызацыяй "Беларуськалія" ня трэба

Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў кошт «Беларуськалія» ў суме 30 мільярдаў даляраў і заявіў, што пакуль няма неабходнасьці сьпяшацца зь яго прыватызацыяй.

«Калі казаць аб прыватызацыі Беларуськалія, то мы тут абсалютна не сьпяшаемся. Нам ня трэба прадаваць гэта прадпрыемства — ні адну акцыю, ні дзесяць, ні ўсе сто», — заявіў Лукашэнка 8 сьнежня на нарадзе па пытаньнях разьвіцьця калійнай галіны.

Адносна ацэнкі «Беларуськалія» кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "кошт яго мы вызначылі — 30 мільярдаў даляраў«,— перадае «Інтэрфакс».

«Калі нехта пачынае вішчаць, што вельмі высокая цана, ніхто ў беларусаў ня купіць па такой цане „Беларуськалій“, — то і ня трэба».

Лукашэнка дадаў, што «калі хто і жадае ўдзельнічаць у набыцьці акцыяў, то — калі ласка — мы гатовыя весьці дыялёг».

Лукашэнка не супраць удзелу замежных інвэстараў у распрацоўцы беларускіх калійных радовішчаў.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь плянуе павялічыць аб’ём здабычы калійных угнаеньняў да 15 мільёнаў тон.