Пракуратура правярае, ці варта заводзіць справу супроць ахоўнікаў Андрэя Саньнікава

Пракуратура пачала праверку па заяве журналісткі Ірыны Халіп аб завядзеньні крымінальнай справы супроць міліцыянтаў. Зьміцер Бандарэнка паведаміў, чаму ня можа ў лістах камэнтаваць палітычныя падзеі. Адвакат Эдуарда Лобава накіравала скаргу на прысуд актывісту ў Вярхоўны суд. Ад праваабаронцы Алеся Бяляцкага даходзяць лісты, але толькі напісаныя з «Валадаркі».

Пра пракурорскую праверку Ірыне Халіп паведамілі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў: «Па маёй заяве, якую я падала 2 сьнежня ў генпракуратуру, ужо пачалі пракурорскую праверку. Я патрабую завядзеньня крымінальнай справы супроць начальніка Віцебскай калёніі, начальніка Магілёўскай турмы, які таксама не дапусьціў да Андрэя адваката, і супроць выконваючага абавязкі начальніка Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Працэнкі. Я 6 сьнежня была на прыёме ў гэтым Дэпартамэнце, спрабавала дамагчыся тлумачэньняў, чаму да Андрэя не пускаюць адваката, і мне сказалі: «Гэта вы ініцыявалі пракурорскую праверку, і таму мы зараз нічога ня можам, да канца праверкі. Вось калі пракуроры нам скажуць, што гэта парушэньне, тады мы будзем яго выпраўляць».

Некалькі разоў, пасьля таго, як Андрэя Саньнікава перавялі з Бабруйскай калёніі спачатку ў Магілёўскую турму, а потым ў калёнію «Віцьба-3», ягоныя адвакаты спрабавалі сустрэцца з палітыкам, але дазволу на сустрэчу не атрымлівалі. 7 сьнежня адвакат зноў паедзе на спатканьне з Андрэем Саньнікавым. «Але вялікіх надзеяў, што сустрэча адбудзецца, ў мяне няма», — шчыра прызнаецца Ірына Халіп. Жонцы экс-кандыдата на прэзыдэнта нічога невядома пра ўмовы ўтрыманьня Саньнікава ў новай для яго калёніі, а таксама пра ягонае самаадчуваньне пасьля этапу. Лісты зь «Віцьбы-3» ад Саньнікава не даходзяць, у тым ліку не даходзяць і казкі сыну Даніку, якія раней палітвязень яму рэгулярна дасылаў. Ірына Халіп кажа, што яшчэ з Магілёўскай турмы казкі даходзілі, а зь «Віцьбы-3» — ніводнай. Паводле зьвестак адваката, цэнзар Віцебскай калёніі рэгулярна чытае лісты Андрэя Саньнівака і адпраўляе іх далей па адрасе, але лісты не даходзяць.

«Цэнзар сказаў адвакату, што лісты ён выпускае. Лісты ад Андрэя яму ідуць, ён усё чытае і ўсе гэтыя штампікі ставіць. То бок не на ўзроўні турэмнага цэнзара гэта ўсё зьнікае, а на нейкім іншым».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў быў пакараны 5 гадамі зьняволеньня. За час арышту палітвязень пабываў ужо ў чатырох турмах.

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка зрабіў кароткі званок дамоў. Жонка Вольга даведалася, што Зьміцер па-ранейшаму ў атрадзе, як і іншых вязьняў яго прымушаюць хадзіць на рэгулярныя пастраеньні. Бандарэнка перанёс апэрацыю на хрыбце і дагэтуль ходзіць з вялікімі цяжкасьцямі, абапіраючыся на мыліцу. Вольга Бандарэнка заўважыла, што ў апошніх лістах ад мужа ня стала камэнтароў на палітычныя падзеі, якія ён раней рэгулярна рабіў. Нядаўна Зьміцер патлумачыў, чаму стаў больш ляканічны ў лістах.

«Напісаў, што ў лістах яму не рэкамэндавалі пісаць некаторыя рэчы. Мяркую, гаворка пра палітыку, бо раней ён пра гэта часта пісаў. Ды і мне намякнулі пасьля кастрычніка, калі значная частка лістоў не дайшла і што гэта праз тое, што ягоныя палітычныя камэнтары ставіліся на сайт. Вось ён зараз і напісаў, што «вельмі цяжка быць неабывацелем».

Зьміцер Бандарэнка асуджаны за Плошчу на 2 гады зьняволеньня.

Маці Эдуарда Лобава Марына паведаміла, што адвакат накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі наглядную скаргу на прысуд сыну.

«Надзеі, канешне, няма. Вярхоўны суд ў нас такі ж, як і Маскоўскі раённы. Але трэба прайсьці гэты шлях абскарджаньня да канца».

Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады паводле артыкулу аб злосным хуліганстве. Разам зь ім быў асуджаны на 2 гады лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Актывісты заяўляюць пра правакацыю спэцслужбаў напярэдадні выбараў.

Не ўдалося выехаць на сустрэчу з праваабаронцам Алесем Бяляцкім ягонаму адвакату. Калегі Бяляцкага не выключаюць, што сустрэча з адвакатам адбудзецца толькі на будучым тыдні. «Лістоў ад Алеся з Жодзінскага сьледчага ізалятару няма, толькі даходзяць тыя лісты, якія накіраваў яшчэ з Валадаркі», — кажуць калегі праваабаронцы.

Кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 гады зьняволеньня і на мінулым тыдні пераведзены з «Валадаркі» ў Жодзінскі ізалятар.