Маёр міліцыі Крукава хоча пагаварыць з Палажанкай пра яе паводзіны і лад жыцьця

Наста Палажанка

Намесьніца старшыні Маладога Фронту Наста Палажанка атрымала павестку з крымінальна-выканаўчую інспэкцыі Першамайскага РУУС.

Сёньня, 7 сьнежня, Палажанка павінна зьявіцца ў інспэкцыю аб 11 гадзіне «для правядзеньня размовы аб выкананьні вамі парадку і ўмоваў адбываньня пакараньня, дачы тлумачэньняў адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцьця». Дакумэнт падпісала старшы інспэктар маёр міліцыі Крукава.

Наста Палажанка сёлета ў траўні была асуджана на год зьняволеньня з адтэрміноўкай на адзін год за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Наста правяла ў турме КДБ амаль 2 месяцы. Ад часу вызваленьня яна ўжо двойчы адбывала адміністрацыйныя арышты — на 10 і 11 сутак. Апошні раз яе затрымалі разам з былым палітвязьнем Уладзімерам Яроменкам, калі яны меліся вывесіць у Менску нацыянальныя сьцягі і на волю Наста выйшла 30 верасьня. У кастрычніку Насту Палажанку ўжо выклікалі ў Першамайскае РУУС, дзе яна стаіць на ўліку. Ёй вынесьлі апошняе папярэджаньне за актыўную дзейнасьць.