«Расстраляйце мяне замест Кавалёва!»

Інвалід другой групы Валеры Ганчарэнка, хворы на адкрытую форму тубэркулёзу, прапануе расстраляць яго замест Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

Як паведаміў Ганчарэнка БелаПАН, адпаведны зварот ён накіраваў у адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі.

Паводле яго словаў, у яго ёсьць вялікія сумневы ў вінаватасьці Канавалава і Кавалёва.

«Суд мяне ў іх віне не пераканаў. Ну ня можа так быць, каб праз пяць гадзінаў пасьля затрыманьня яны ўжо каяліся, давалі прызнальныя паказаньні і гэтак далей. Я слухаў выказваньні пракурораў, маці Кавалёва, адвакатаў, і ня веру ў тое, што гэтыя людзі вінаватыя ў тэракце», — заявіў Ганчарэнка.

«Я, вядома, ня думаю, што маю просьбу задаволяць. Прэзыдэнт на гэта, вядома, ня пойдзе. Але трэба нешта рабіць, трэба неяк зламаць гэтае бязьмежжа. Таму я і выступіў з такім зваротам», — сказаў Ганчарэнка.

«Мне ўжо ўсё роўна, я ня бачу сэнсу свайго існаваньня, мой цыкл жыцьця скончаны, я безнадзейна хворы, а ў гэтых маладых людзей яшчэ ўсё наперадзе», — дадаў ён.