Коктыш: "Стасункі Масквы і Менску будуць залежыць, не ад думскіх, а ад прэзыдэнцкіх выбараў"

Кірыл Коктыш

Палітоляг, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных стасункаў Кірыл Коктыш сказаў "Свабодзе", што вынікі выбараў паказваюць — у Расеі пачынаюцца вельмі цікавыя працэсы:

"У Расеі пачалася відавочная эвалюцыя ад аднапартыйнай улады да шматвэктарнай. І гэта будзе ўжо крыху іншая палітычная рэчаіснасьць, якая можа паўплываць і на прэзыдэнцкія выбары. Тэарэтычна, можна сказаць, што цяпер зьявілася прастора і для новай пэрсоны на прэзыдэнцкіх выбарах. Пэрсоны, якая ўзяла бы на сябе курс мадэрнізацыі, навацыі, то бок той курс, які абяцаў грамадзтву Мядзьведзеў. І які ён, у рэшце рэшт, ня выканаў. І які, відавочна, ня будзе браць для сябе Пуцін.

Беларуска-расейскія стасункі будуць залежыць не ад думскіх, а ад прэзыдэнцкіх выбараў. Урад у Расеі фактычна неадказны перад Думай. Канечне, склад Думы адлюстроўваецца і на складзе ўраду, але не наўпрост. І Дума даволі абмежаваная — яна можа ўхваліць альбо не ўхваліць тое ці іншае рашэньне. Але яна ня можа яго прыняць альбо заблякаваць".