Яўгену Васьковічу ўзмацнілі рэжым утрыманьня

Яўген Васьковіч

Зьняволенаму актывісту незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгену Васьковічу зрабілі больш жорсткім рэжым утрыманьня ў папраўчай установе «Турма № 4». Тры гады зь сямі ён правядзе за кратамі ва ўмовах строгага рэжыму. Пра гэта актывіст паведаміў у лісьце сваёй маці.

Рушаньня Іванаўна: «Ён піша: „12 кастрычніка мяне асудзілі на тры гады турмы. У той жа дзень мяне прывезьлі ў турму. 14 кастрычніка перавялі ў камэру. Сядзім утрох. У сераду 19-га мяне павялі на камісію па пастаноўцы на строгі рэжым. На ёй далі дзесяць сутак карцэру за абразу дзеючай улады. Потым дадавалі яшчэ суткі. У ШЫЗА правёў трыццаць сутак“. Цяпер, як я разумею, яму належыцца адно кароткачасовае спатканьне і адна бандэролька на год. У сьнежні нібыта можна будзе атрымаць спатканьне».

Маці Васьковіча Рушаньня Іванаўна адразу пасьля вынясеньня сыну выраку (у паласатай жакетцы).

Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў ідэяў анархізму Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава асудзілі на сем гадоў пазбаўленьня волі ўзмоцненага рэжыму за напад на будынак бабруйскага КДБ у кастрычніку 2010 году. Бабруйскі суд прызнаў іх вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясеньні шкоды ў асабліва буйных памерах.

Васьковіч прызнаў факт нападу, але не пакаяўся. Пракапенка і Сырамалотаў віну прызналі і раскаяліся. У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году хлопцы кінулі ў будынак КДБ дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава».

Да пераводу ў турму № 4 Васьковіч адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15. Вызвалены з гэтай калёніі палітвязень Аляксандар Маўчанаў паведаміў, што Яўген Васьковіч не падпарадкоўваецца загадам адміністрацыі калёніі, за што рэгулярна трапляе ў штрафны ізалятар.