Берасьцейскі гарвыканкам перамог апазыцыянэраў у судзе

Актывісты каля Ленінскага суду Берасьця, зьлева направа: Юры Бацук, Руслан Угляніца, Уладзімер Катрыч, Алесь Чаркашын, Віктар Чайкоўскі, Стас Федзька.

Ленінскі суд Берасьця прызнаў, што гарвыканкам на законных падставах забараніў пікеты пад лёзунгам «Свабоду палітзьняволеным! Спыніць катаваньні й перасьлед!»

Віктар Чайкоўскі разам з дэмакратычнымі актывістамі, праваабаронцамі Зьмітром Шурхаем, Раманам Кісьляком і Ўладзімерам Катрычам меркаваў правесьці 5 пікетаў з 1-га да 5-га кастрычніка пад такім лёзунгам. Пікеты плянавалася праводзіць у розных ажыўленых месцах Берасьця. Аднак 28 верасьня актывісты атрымалі адмову на правядзеньне гэтых пікетаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Віктар Чайкоўскі, заяўнік пікету за вызваленьне палітвязьняў


24 лістапада судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Ала Вінаградава пастанавіла, што пікеты гарвыканкам забараніў законна. Падставай для такога рашэньня стала тое, што актывісты не заключылі дамоваў зь міліцыяй, камунальнікамі і мэдыкамі на абслугоўваньне пікету. Акрамя таго, апазыцыянэрам патлумачылі, што пікеты плянаваліся не на стадыёне «Лякаматыў» або ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, а ў цэнтры гораду. А гэта забаронена.

Аднак кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча па Берасьцейшчыне Віктар Чайкоўскі, адзін з заяўнікаў пікетаў, лічыць гэта дыскрымінацыяй:

«Уладам дазволена праводзіць розныя мерапрыемствы ў цэнтры гораду. А нас пасылаюць на стадыён або ў лес, дзе нікога няма. Гэта дыскрымінацыя, парушэньне Канстытуцыі і міжнародных пактаў. Гэта парушэньне правоў чалавека — права на свабоду мерапрыемстваў пратэсту».

Актывісты плянуюць абскарджваць рашэньне Ленінскага суду ў абласным судзе Берасьця.