У Івацэвіцкай калёніі абвяргаюць факт галадоўкі Мікалая Аўтуховіча

Івацэвіцкая калёнія

Андрэй Саньнікаў напісаў пра этап з Бабруйскай калёніі ў Магілёўскую турму. Павал Севярынец не выключае, што падзеі вакол Эўразійскага саюзу адаб’юцца на лёсе беларукіх палітвязьняў. Зьмітра Дашкевіча працягаюць утрымліваць у адзіночнай камэры.

Пра тое, што вязень Івацэвіцкай калёніі № 5 прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з 16 лістапада трымае галадоўку, паведаміў сайт грамадзянскай арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа» са спасылкай на крыніцы ў калёніі. Паводле «Плятформы», разам зь Мікалаем Аўтуховічам ціск з боку адміністрацыі зазналі таксама вязьні Ігар Міхнавец і Сяргей Глушак, якія, як і Аўтуховіч, дапамагаюць іншым вязьням у абароне правоў. Ці працягвае Мікалай Аўтуховіч галадоўку? Лідэр «Плятформы» Андрэй Бандарэнка сказаў, што больш зьвестак ад сваёй крыніцы ў калёніі яны не атрымлівалі. А што кажуць афіцыйныя крыніцы пра галадоўку Мікалая Аўтуховіча? Супрацоўніца спэцаддзелу 5-й калёніі, якая не назвала свайго імя, ад камэнтару адмовілася:

«Па-першае, мы не валодаем такой інфармацыяй, а па-другое, мы па тэлефоне такіх зьвестак не даем. Ніякай галадоўкі ў нас няма».

Супрацоўніца калёніі не пракамэнтавала і зьвесткі, паводле якіх Мікалай Аўтуховіч зьмешчаны ў турэмны карцэр.

Былы адвакат Павал Сапелка, які абараняў Мікалая Аўтуховіча ў судзе ў 2010 годзе, не выключае, што вязень у карцэры сапраўды трымае галадоўку.

«Улічваючы тое, што ён лічыць незаконным зьмяшчэньне ў карцэр, супраць гэтага ён і пратэстуе. А пакаралі яго за тое, што аказвае дапамогу іншым вязьням».

Паводле журналісткі Ірыны Халіп, яе муж, экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў яшчэ 19 лістапада быў вывезены з Магілёўскай перасыльнай турмы і цяпер, магчыма, знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА:

«Гэтую інфармацыю я атрымала ад адваката з Магілёўскай калегіі адвакатаў, які сёньня паспрабаваў наведаць Андрэя ў турме. Але яму сказалі, што Саньнікава там няма, што яго ўвогуле няма ў Магілёўскай вобласьці і, магчыма, ён ужо знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА. А вывезьлі яго нібыта яшчэ 4 дні таму».

Ірына Халіп атрымала ад мужа ліст, у якім той апісваў этап з Бабруйскай калёніі ў Магілёўскую турму. Ірына працытавала вытрымкі зь ліста:
Этап быў страшэнна цяжкі. Больш за суткі бязь ежы, у вельмі халодным „сталыпіне“, бяз сну

«Этап быў страшэнна цяжкі. Больш за суткі бязь ежы, у вельмі халодным „сталыпіне“, бяз сну. У Магілёў даехалі праз суткі. Далей будзе новы этап, гэта я зразумеў, але ня ведаю, куды. Напэўна, зноў будуць правакацыі, новы віток ціску. Вядома, вытрываю, хоць фізычна ўжо вельмі цяжка, бо на холадзе вельмі моцныя болі ў суставах і сьпіне».

Асуджаны на 3 гады «хіміі» Павал Севярынец атрымаў лісты ад Мікалая Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Мікалай Статкевіч напісаў, што яму надалей прапаноўваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Зьмітра Дашкевіча па-ранейшаму трымаюць у адзіночнай камэры Глыбоцкай турмы, але настрой вязьня, мяркуе па ягоным лісьце Севярынец, бадзёры. Эдуард Лобаў рэгулярна ходзіць у царкву на тэрыторыі калёніі, піша, што да яго ўжо не зьвяртаюцца з прапановамі аб прашэньні наконт памілаваньня. Адносна палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі, Павал Севярынец мяркуе, што апошнія падпісаньні дамоваў з Расеяй і Казахстанам могуць адбіцца ў горшы бок на іх лёсе — працэс іх датэрміновага вызваленьня відавочна спыніўся. Пры гэтым Павал Севярынец заўважае, што для яго найважнейшае — павелічэньне пагрозы для незалежнасьці Беларусі ў выніку новых гульняў Лукашэнкі на карысьць расейскага кіраўніцтва:

«Пуцін выступае як новы зьбіральнік земляў, гэта ідзе ў зьвязку зь ягонай перавыбарнай кампаніяй. Трэба быць вельмі пільнымі, каб ня страціць таго, што засталося ад незалежнасьці. Але мне гэта ўсё больш нагадвае прапагандысцкія гульні на касьцях Савецкага Саюзу».