Лукашэнка, Мядзьведзеў і Назарбаеў створаць Эўразійскую эканамічную камісію

У пятніцу ў Маскве сустрэнуцца прэзыдэнты краін мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі. Сёньня прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў паведаміў, што 18 лістапада ў Крамлі будзе падпісанае пагадненьне, якое тычыцца далейшай эканамічнай інтэграцыі. Пра гэта Мядзьведзеў паведаміў на супольнай з прэм'ер-міністрам РФ Уладзімерам Пуціным сустрэчы з пэнсіянэрамі і вэтэранамі.

Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што пагадненьне зьяўляецца «важным і выпакутаваным крокам»:

«Калі вы зьвярнулі ўвагу, мы нікога не падганялі, нікога не прымушалі гэта рабіць. Гэта высьпела, і цяпер мы імкнёмся стварыць такую рамку нашага супрацоўніцтва на будучыню, каб яна нікому не была, па-першае, навязаная, каб яна ўспрымалася арганічна, але, разам з тым, каб яна была эфэктыўнай».

Ён прывёў у якасьці прыкладу Эўразьвяз, які некалькі дзесяцігодзьдзяў ішоў да таго стану, у якім цяпер знаходзіцца, падкрэсьліўшы, што «і мы прыблізна такім шляхам ідзем».

На думку прэзыдэнта РФ, і плянаванае падпісаньне, і пагадненьне аб мытным саюзе - «гэта вялікая справа»:

«Але, пры гэтым, мы хацелі б, каб кожная краіна, якая жадае далучыцца да мытнага саюзу або да Адзінай эканамічнай прасторы, у далейшым – да Эўразійскага саюзу, рабіла гэты выбар сьвядома, каб потым ніхто не казаў, што іх загналі пад уплывам нейкіх эканамічных аргумэнтаў», – сказаў Мядзьведзеў, нагадаўшы пра словы, якімі суправаджаўся распад Савецкага Саюзу.

Таксама мяркуецца, што на саміце будзе падпісаная дэклярацыя аб эўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Як паведаміла агенцтву Інтэрфакс крыніца ў Крамлі, «у гэтым дакумэнце будзе заяўлена аб пераходзе да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва – адзінай эканамічнай прасторы, заснаванай на нормах і прынцыпах Сусьветнай гандлёвай арганізацыі і адкрытай на любым этапе свайго фармаваньня для далучэньня іншых дзяржаў».

Паводле суразмоўцы агенцтва, у якасьці канчатковай мэты ў дэклярацыі абвяшчаецца стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Пра сутнасьць пагадненьня, якое мяркуецца падпісаць у пятніцу на сустрэчы трох прэзыдэнтаў, распавёў 12 лістапада першы віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Шувалаў, выступаючы на тэлеканале “Россия». Паводле Шувалава, гаворка ідзе пра стварэньне Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК). Ён падкрэсьліў, што гэты орган будзе стаяць «па-над нацыянальнымі інтарэсамі». «Камісія мытнага саюзу ўжо цяпер дзейнічае як наднацыянальны орган, але ня мае сваіх міністраў. Цяпер ствараюцца пасады, якія, па сутнасьці, будуць азначаць міністэрскія пасады, якія адказваюць за розныя напрамкі ў рамках ЭЭК", – адзначыў ён.

Шувалаў сказаў, што пытаньне аб тым, ці будзе Эўразійскі саюз мець свайго прэзыдэнта, не абмяркоўвалася, і самі контуры Эўразійскага саюзу зьявяцца толькі да 2015 году. «Мы лічым, што гэта саюз роўных дзяржаў, незалежных і сувэрэнных, і міністры ствараюцца толькі для таго, каб прафэсійна працаваць па тых ці іншых напрамках, але не для таго, каб кімсьці кіраваць. Яны ня будуць кіраваць нацыянальнымі урадамі і ў іх ня будзе магчымасьці даваць загады нацыянальным урадам. Але ў іх ёсьць выдзеленая кампэтэнцыя, паводле якой яны змогуць прымаць рашэньні. Мы добраахвотна дамовіліся, што гэтая кампэтэнцыя будзе ў Эўразійскай эканамічнай камісіі», – заявіў ён.

Ён падкрэсьліў, што нормы паводзінаў у Эўразійскім саюзе будуць ідэнтычныя нормам Эўразьвязу. «Але адначасова будзе весьціся праца па інтэграцыі ў Азіяцка-ціхаакіянскі рэгіён», – адзначыў ён.

Як патлумачыў Шувалаў, у Эўразійскай камісіі будзе дзейнічаць два спосабы прыняцьця рашэньняў: у Радзе, на ўзроўні намесьнікаў старшыняў урадаў будзе дзейнічаць прынцып кансэнсусу, а на ўзроўні міністраў будзе дзейнічаць прынцып большасьці. Ігар Шувалаў адзначыў, што вывучаецца досьвед Эўразьвязу на розных стадыях інтэграцыі, і цяпер «мы дзейнічаем па аналёгіі з адным са спосабаў кіраваньня ў Эўрапейскім зьвязе, які існаваў прыблізна 15 гадоў таму».

Мяркуецца, што Эўразійская эканамічная камісія пачне працу з 1 студзеня 2011 году.