Берасьце: экспэртыза на экстрэмізм каштуе 6 мільёнаў

Алена Гнаўк

Берасьцейскі раённы суд абвясьціў перапынак у справе Алены Гнаўк да 15 лістапада, каб актывістка знайшла 6 мільёнаў на правядзеньне экспэртызы.

Экспэртыза інстытуту філязофіі Акадэміі навук Беларусі павінна ацаніць, ці прысутнічае экстрэмізм у брашуры Алены Гнаўк «Асобная думка, або зварот хрысьціянкі».

Судзьдзя Берасьцейскага раённага суду Ўладзімер Шаламіцкі паведаміў, што каштаваць такая экспэртыза будзе 6 мільёнаў рублёў. І вернуць гэтыя грошы актывістцы толькі ў тым выпадку, калі ў судзе будзе даказана, што брашура экстрэмізму ня ўтрымлівае.

Калі ж актывістка ня знойдзе такіх грошай, то суд будзе праходзіць паводле экспэртызы Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якая выявіла ў выданьні Алены Гнаўк экстрэмізм. Унівэрсытэт рабіў такую экспэртызу на замову пракуратуры.

Алена Гнаўк кажа, што 6 мільёнаў для яе — вялікія грошы:

«Я ведала, што гэтую экспэртызу суд можа прапанаваць аплаціць. На жаль, нашая судовая сыстэма такая, што нават будучы адказчыкам па справе, я павінна яшчэ і плаціць грошы, каб апраўдацца. Сума ж вельмі вялікая, бо для мяне і мільён — гэта вялікія грошы», — кажа спадарыня Гнаўк.

У сваёй брашуры Алена Гнаўк выклала погляд на тое, «як уладам і апазыцыі выйсьці са становішча, якое цяпер склалася». Гэтую брашуру Алена Гнаўк выдала накладам 200 асобнікаў і накіравала ў розныя міністэрствы і ведамствы.

Аднак з ініцыятывы КДБ пракуратура Берасьцейскай вобласьці накіравала пазоў у Берасьцейскі раённы суд, каб прызнаць выданьне экстрэмісцкім.

Your browser doesn’t support HTML5

Алена Гнаўк