«Паводле такіх індэксаў Куба можа быць вышэй за Швэйцарыю»

Міжнародны дасьледчы інстытут "Legatum" агучыў свой рэйтынг дабрабыту краінаў сьвету, паводле якога Беларусь заняла 50-е месца. Незалежныя экспэрты лічаць, што некаторыя беларускія паказчыкі гэтага рэйтынгу, магчыма, не зусім адпавядаюць рэальнасьці.

Напрыклад, у краіне шмат людзей з вышэйшай адукацыяй, але яе ўзровень даволі нізкі, і беларускія дыплёмы не прызнаюцца нідзе ў сьвеце.

Былы міністар працы, незалежны сацыёляг Аляксандар Сасноў лічыць, што да такіх рэйтынгаў трэба ставіцца з пэўнай доляй умоўнасьці. У паняцьце «дабрабыту» ў такіх індэксах часам уключаюцца рэчы, якія ўласна да матэрыяльнага дабрабыту ня маюць непасрэднага дачыненьня.

Сасноў: «Там шмат якія складнікі ўключаюць тое, што было назапашана яшчэ ў савецкія часы. Калі нафтадаляраў у СССР было шмат і іх не было куды падзець, таму і засталіся высокія паказчыкі. Узяць, напрыклад, Кубу. Там есьці людзям няма чаго — але мэдыцына вельмі высокая.

Што тычыцца такіх паказчыкаў, як «грамадзкі капітал» ці «адукацыя», то іх можна падвышаць. Напрыклад, у нас вельмі высокая колькасьць людзей з вышэйшай адукацыяй. Але дзе прызнаюцца беларускія дыплёмы? Нідзе. Вось і ўвесь адказ».

Прыклад Кубы пры ацэнцы гэтага рэйтынгу ўзгадаўся і аглядальніку газэты «Белорусы и рынок» Кастусю Скуратовічу, які піша на сацыяльныя тэмы. Спадар Скуратовіч лічыць, што пры складаньні такіх індэксаў часам дзейнічае прынцып «сярэдняя тэмпэратура ў бальніцы».

Скуратовіч: «Паводле такіх індэксаў Куба можа быць вышэй за Швэйцарыю, бо там добрая і бясплатная сыстэма мэдыцыны плюс бясплатная адукацыя і гэтак далей. Як ставіцца да такіх рэйтынгаў? Складаюць даўжыню рук, ног, носа, вушэй і атрымліваюць нейкую сярэднюю велічыню?

Калі браць нашу краіну, то выявіцца, што валавы ўнутраны прадукт, які нібыта вельмі хутка падвышаўся, насамрэч у 2011 годзе аказаўся напаўпусты. Чаму ў нас моладзь пнецца ў ВНУ? Бо шмат хто зь іх ня можа сябе рэалізаваць, ня можа знайсьці сабе працу. Таму бацькі накіроўваюць іх у інстытут, аддаюць свае грошы, каб 5 гадоў галава не балела, куды прыстроіць дзіця».

Падобнае меркаваньне выказаў і экспэрт Эўрапейскай рады ў пытаньнях замежных адносінаў Эндру Ўільсан. Сп. Уільсан зьяўляецца аўтарам кнігі «Беларусь: Апошняя эўрапейская дыктатура», якая толькі што выйшла ў выдавецтве «Yale University Press».

Уільсан: «Я агаломшаны гэтым рэйтынгам. У гэтым рэйтынгу па-мойму куча фальшывай статыстыкі, уключаючы афіцыйныя паведамленьні пра рост валавога ўнутранага прадукту, якія не выклікаюць даверу. Альтэрнатыўная статыстыка, праўдападобна, больш вартая даверу. Лукашэнка заявіў на ўвесь сьвет перад выбарамі ў сьнежні летась пра сярэднюю месячную зарплату ў 500 даляраў. Ён гэтай мэты, магчыма, і дасягнуў. Але потым, пасьля трохразовай дэвальвацыі ў 2011 годзе, зарплата ўпала да 200 даляраў».

Экспэрты лічаць, што па выніках 2011 году, калі Беларусь напаткаў сур'ёзны эканамічны крызіс, месца краіны ва ўсясьветным рэйтынгу дабрабыту істотна панізіцца.